Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары сэрыі “Другі фронт мастацтваў” сустракаюцца з чытачамі ў менскіх кнігарнях


Валянціна Аксак, Менск Новую беларускую традыцыю дачыненьняў айчынных творцаў з чытачамі наважыліся запачаткаваць аўтары кніг, якія выдае ў сэрыі “Другі фронт мастацтваў” незалежнае выдавецтва “Логвинов”. Раз на тыдзень яны ладзяць літаратурныя сустрэчы ў менскіх кнігарнях. Пра тое, як праходзіць гэтая акцыя і пра першыя яе вынікі ў інтэрвію нашай карэспандэнтцы распавядае рэдактар сэрыі Зьміцер Вішнёў.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Зьміцер, вы спадзеяцеся толькі на тых чытачоў, якія апынуцца ў краме ў момант імпрэзы, ці вы запрашаеце кагосьці адмыслова?”

(Вішнёў: ) “Гэта не адмыслова запрошаныя людзі. Мы давалі ўлёткі, яны былі паклееныя па кніжных крамах, давалі абвесткі ў прэсу, у інтэрнэце. Тут могуць быць самыя розныя людзі. Самае галоўнае, каб у чалавека было жаданьне паслухаць беларускую літаратуру”.

(Карэспандэнтка: ) “Такім чынам, не чытачы ідуць да пісьменьнікаў, а пісьменьнікі ідуць да чытачоў?”

(Вішнёў: ) “Я думаю, тут усё ж такі мусіць быць і каб ня толькі пісьменьнікі ішлі да чытача, але каб і чытачы ішлі да пісьменьніка. Я думаю, што ўсё ж гэта такі працэс двухбаковы на сёньняшні дзень у нашых умовах, калі арт-рынку проста не існуе. Таму тут мы мусім ствараць умовы для нараджэньня прынамсі мінімальных арт-рынкавых адносінаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, вось за гэты час вашых кантактаў з чытачамі – наколькі, па вашых ацэнках, узрасла цікавасьць да беларускай літаратуры?”

(Вішнёў: ) “Як на мой погляд, сытуацыя ўсё ж палепшылася. Гэта бачна па тым, што сапраўды, кнігі нашыя купляюць сёньня ўсё ж лепш. І тое, што да нас ідуць новыя літаратары, зусім маладыя, і таленавітыя. Цяпер мы будзем іх тэксты друкаваць у часопісе “Тэксты”, першы нумар якога ўжо зьявіўся, неўзабаве павінен зьявіцца другі. Тэндэнцыя станоўчая”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі аўтараў надрукавалі вы ўжо за гэты час?”

(Вішнёў: ) “Ужо каля трох дзесяткаў у кніжнай сэрыі дакладна выйшла, і яшчэ столькі ж рыхтуецца”.

(Карэспандэнтка: ) “А сёлета колькі будзе выдадзена?”

(Вішнёў: ) “Спадзяюся, што прынамсі ня менш за 20 кніжак. Ужо бачна, што іх будзе прынамсі больш, чым выйшла летась”.

Дарэчы, учора ўвечары падчас сустрэчы ў менскай кнігарні “Веды” самыя актыўныя чытачы атрымалі ў падарунак шмат якія новыя кнігі з аўтографамі папулярных беларускіх пісьменьнікаў. Наступная такая сустрэча адбудзецца 9 лютага ў “Акадэмкнізе”, а ў дзень сьвятога Валянціна – у “Падпісных выданьнях”.
XS
SM
MD
LG