Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэктар фінансавых махлярстваў у Беларусі сягае ад вулічных хуліганаў да дзяржаўных чыноўнікаў


Міхал Стэльмак, Менск Як сьведчыць міжнародны фінансавы досьвед, грошы не заўжды ўжываюцца па прызначэньні, а становяцца прадметам розных махлярстваў. Ці мае месца такая зьява ў Беларусі?

Што тычыцца грамадзянаў, то беларусы ў пытаньні махлярстваў, зьвязаных з грашыма, мала чым розьняцца ад іншых народаў. Паводле зьвестак праваахоўных структураў, якія змагаюцца з эканамічнай злачыннасьцю, жыхары Беларусі выкарыстоўваюць усе вядомыя ў сьвеце прыёмы для таго, каб завалодаць грашыма. Ад прымітыўнага вулічнага рабаўніцтва, калі даходам злачынцаў бываюць мізэрныя сумы, да вельмі складаных банкаўскіх апэрацыяў, што прыносяць махлярам мільённыя прыбыткі.

У шэрагу гэтых крымінальных дзеяньняў шмат каго з нашых суайчыньнікаў вабіць такі “бізнэс”, як выраб ці распаўсюд фальшывых грошай. Вось, у прыватнасьці, што паведаміў мне на гэты конт начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Берасьцейскай абласной міліцыі Віктар Васілеўскі:

(Васілеўскі: ) “Мы сутыкаемся даволі часта са зьяўленьнем, найперш, у абменных пунктах, 100-даляравых купюр. Гэтыя купюры грамадзяне прыносяць для абмену на рэальныя беларускія грошы. Калі казаць пра беларускія грошы, то апошні факт меў месца ў Кобрыне. Тут група школьнікаў займалася падробкай 50-тысячных беларускіх купюр. Падробка – ніжэй сярэдняй якасьці. Усё зроблена з выкарыстаньнем сучаснай кампутарнай тэхнікі, пры дапамозе лязэрнага прынтэру. Ахвярамі гэтых падлеткаў былі старыя людзі. Яны збывалі гэтыя грошы бабулькам, што гандлююць увечары семкамі, і ў цемры не маглі распазнаць падробныя грошы. У кобрынскай групы было канфіскавана каля 30 купюраў”.

Як вынікае з тлумачэньня прадстаўніка міліцыі, дзяржава актыўна змагаецца з такімі грашовымі махлярамі. А як ацэньвае гэтае змаганьне грамадзкасьць? Нягледзячы на “шкоднасьць” тых жа фальшыманэтчыкаў, насельніцтва, як сьведчаць апытаньні грамадзянаў, лічыць больш важным змаганьне з казнакрадамі ды фінансавымі афэрыстамі, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасады.

Між тым, фінансавых злачынцаў у дзяржапараце беларускія праваахоўныя органы чамусьці выяўляюць няшмат. У лічбавай статыстыцы той жа міліцыі ці пракуратуры фігуруюць дзесяткі ды сотні карупцыянэраў, аднак, за выключэньнем былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, экс-кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай ды яшчэ некалькіх асобаў чыноўнікаў, прозьвішчы іншых махляроў не агучваюцца. І таму грамадзкасьць мае сумнеў наконт сапраўды маштабных вынікаў антыкарупцыйнай кампаніі дзяржавы.

Рэпутацыя дзяржавы ў вачох беларускай грамадзкасьці далёка не бездакорная яшчэ й таму, што канфіскацыі і штрафы, паводле меркаваньня самых розных сацыяльных ці прафэсійных груп насельніцтва, сталі нормай яе дзейнасьці. У прыватнасьці, гэтак лічаць беларускія прадпрымальнікі. Як вынікае з тлумачэньняў некаторых зь іх, дзяржава ў дачыненьні да іх ўжывае самыя розныя фінансавыя прыёмы, скіраваныя на пераразьмеркаваньне на сваю карысьць прадпрымальніцкіх даходаў. Сярод іх, як патлумачыў мне менскі прадпрымальнік Віктар Новікаў, і такі:

(Новікаў: ) “Усе выплаты плацяцца ў эўра. Ніякага дачыненьня наша дзяржава да Эўрасаюзу ня мае, а курс, які найбольш выгадны для падаткаабкладаньня, гэта эўра. Таму што гэта самы высокі курс. Па беларускім нацыянальным курсе эўра нашмат пераўзыходзіць даляр. Калі браць падатак, напрыклад, памерам 10 эўра, то гэта будзе па курсе 2 тысячы 800 рублёў. А калі падатак браць у далярах, то гэта будзе ўсяго па курсе 2 тысячы 200 рублёў. Розьніца ў курсе паміж гэтымі валютамі складае 600 рублёў. Гэтыя 600 рублёў кладуцца ў кішэню дзяржавы ў дадатак да ўсяго астатняга”.
XS
SM
MD
LG