Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За невыкананьне прагнозных паказьнікаў на прадпрыемствах зь дзяржаўнай падтрымкай можа быць уведзеная крымінальная адказнасьць


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

“БДГ” сёньня піша пра тое, што найбліжэйшым часам Беларусь пачне адчуваць дэфіцыт кваліфікаваных кадраў кіраўнічага зьвяна. Да гэтага вядзе праект закону, які паступіў у пачатку гэтага году ў Палату прадстаўнікоў. Паводле свайго памеру праект закону невялікі, але паводле сур’ёзнасьці магчымых наступстваў – ці не беспрэцэдэнтны. Ён прадугледжвае ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за невыкананьне прагнозных паказьнікаў, якія плянаваліся на прадпрыемствах, што атрымліваюць дзяржпадтрымку.

Дарэчы, “БДГ” гэтымі днямі сьвяткуе сваё 13-годзьдзе, з чым калегаў варта павіншаваць. Шэраг матэрыялаў выданьне якраз да свайго дня народзінаў і прымеркавала. Так, у артыкуле “Легенды і міты пра старажытную прафэсію”, можна прачытаць пра міты, якімі за гады існаваньня газэта абрасла. Напрыклад, яе часта называюць “газэтай КГБ” ці “скандальнай газэтай”.

“Витебский курьер” таксама апавядае пра дзень народзінаў, але ня свой: віцебскаму незалежнаму тэлеканалу “Арт-Відэа” спаўняецца два гады. За час свайго існаваньня тэлеканал здабыў папулярнасьць сярод гледачоў, а да свайго дня народзінаў запусьціў арыгінальны дзіцячы тэлепраект – праграму “Засынайка”, гэткую “калыханку”, зробленую на віцебскім матэрыяле.

Яшчэ “Витебский курьер” у сваім сьвежым нумары піша пра “Жаночыя жарсьці”, што разгарэліся ў мястэчку Радчанкі на Віцебшчыне. Адна з жыхарак мястэчка, якую характарызуюць як аматарку добра выпіць і заесьці, скандалістку ды ахвочую паляваць на жанатых і нежанатых мужчын, ледзьве не давяла да турмы іншую жанчыну – самотную маці чатырох дзяцей, за якой ніякіх грахоў не было. Пачалася гісторыя з банальнай жаночай бойкі. На шчасьце, прысуд аказаўся даволі мяккім.

“Салідарнасьць” піша пра дырэктара Сьвірскага сельскагаспадарчага ліцэя Эдуарда Вайцяховіча, які спрабуе зладзіць сваю рэформу ў вёсцы Камарова. Спадар Вайцяховіч – за вёску без калгаса, але з прыватным бізнэсам. Ён задумаў адрадзіць сядзібны лад – залаты стандарт арганізацыі жыцьця на вёсцы, які зьнішчылі калгасы.

Таксама ў газэце “Салідарнасьць” можна знайсьці артыкул пад назвай “Бойка ў бога за пазухай” – пра тое, як незарэгістраваная Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква й афіцыйна прызнаная Беларуская праваслаўная царква змагаюцца за паўразбураны будынак храма ў Сёмкавым гарадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG