Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўная прычына нерэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў – памылкі ў дакумэнтах?


Юры Дракахруст, Прага Летась па рашэньні судоў было ліквідавана 38 грамадзкіх аб''яднаньняў – пра гэта ў інтэрвію газэце “Рэспубліка” паведаміў начальнік упраўленьня грамадзкіх аб''яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі.

Чыноўнік міністэрства заявіў, што летась было зарэгістравана 155 новых грамадзкіх арганізацыяў. Ён адхіліў абвінавачваньне ў тым, што мінюст наўмысна не рэгіструе новыя грамадзкія арганізацыі. Паводле Сьліжэўскага, галоўнымі перашкодамі пры рэгістрацыі грамадзкіх аб''яднаньняў зьяўляюцца некампэтэнтнасьць іх арганізатараў і недакладнае складаньне рэгістрацыйных дакумэнтаў.

(Сьліжэзскі: ) “На жаль, нярэдкія выпадкі, калі ў рэгіструючы орган паступае няпоўны пакет дакумэнтаў, або статуты ды іншыя дакумэнты настолькі супярэчаць адзін аднаму, што проста зьдзіўляесься, як можна так безадказна ставіцца да іх падрыхтоўкі”.

Алег Сьліжэўскі ў інтэрвію “Рэспубліцы” таксама распавёў, што міністэрства “фактычна выступіла ў ролі арбітра” ва ўнутрыпартыйным канфлікце ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Паводле Сьліжэўскага, адзін з бакоў канфлікту зьвярнуўся да міністэрства, і мінюст зрабіў заключэньне аб правамернасьці выключэньня з партыі яе лідэра Міколы Статкевіча.

Адмовы ў рэгістрацыі шэрагу пярвічных арганізацыяў незалежных прафсаюзаў сталіся падставай для скаргаў гэтых прафсаюзаў у Міжнародную арганізацыю працы.

Начальнік упраўленьня грамадзкіх арганізацыяў мінюсту сьцьвярджае, што лідэры незалежных прафсаюзаў у гэтым выпадку ня маюць рацыі.

(Сьліжэўскі: ) “Вельмі часта члены аднаго прафсаюза пераходзяць у іншы, што, зразумела, ня можа радаваць лідэраў прафсаюзаў, якіх пакідаюць іх былыя паплечнікі. Пры гэтым хочацца абвінаваціць кагосьці, толькі не сябе”.

Ён паведаміў, што “вывучэньне выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі арганізацыйных структураў незалежных прафсаюзаў, якія трапілі ў скаргу, што разглядаецца зараз Міжнароднай арганізацыяй працы, сьведчыць пра тое, што адмовы ў рэгістрацыі нават не былі абскарджаныя ў судовым парадку”.
XS
SM
MD
LG