Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пасьля апэрацыі Кесарава сячэньня амаль адначасна памерлі дзьве жанчыны


Казімер Яноўскі, Гомель 2 лютага ў другой палове дня ў Гомельскім гарадзкім клінічным радзільным доме памерлі дзьве парадзіхі. Такога надзвычайнага здарэньня тут не рэгістравалі апошнія два дзесяцігодзьдзі.

Абедзьвюм парадзіхам паводле рэкамэндацыяў мэдычнага кансыліюму было зробленае Кесарава сячэньне. У адным выпадку гэта была 22-гадовая жыхарка абласнога цэнтру – яна нараджала ўпершыню. У другой, 34-гадовай жанчыны з Буда-Кашалеўскага раёну, былі ўжо пятыя роды.

Немаўляты, хлопчык і дзяўчынка, прынятыя ўрачамі, засталіся жывымі. А вось іх мацярок нават пасьля рэанімацыйных захадаў выратаваць не ўдалося. Парадзіхі памерлі ў паасобных апэрацыйных пакоях амаль адначасова.

Прычыны сьмерці галоўны ўрач радзільнага дому Мікалай Буракоўскі тлумачыць адмовіўся:

(Буракоўскі: ) “Ідзе сьледзтва, таму я нічога сказаць не магу. Трэба, каб былі зробленыя ўсе высновы. Як я магу цяпер сказаць?”

Амаль тое ж самае кажа і галоўны спэцыяліст акушэрска-гінекалягічнай службы рэгіёну Павел Новікаў:

(Новікаў: ) “Інфармацыя не падлягае разгалошваньню. Займаецца гэтым пракуратура. Я не магу вам нічога сказаць”.

Па факце сьмерці дзьвюх жанчын пракуратура Цэнтральнага раёну ўзбудзіла крымінальную справу – прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці дзьвюм і болей асобам.

Паводле папярэдняй вэрсіі, прычынаю сьмерці магла стацца тэхнічная памылка, дапушчаная апэратарам паветраразьмеркавальнага абсталяваньня. Ня выключана, што замест кіслароду быў пададзены вуглякіслы газ. Аднак гэта толькі гіпотэзы, а канчатковая выснова будзе зробленая пасьля судова-мэдычнай экспэртызы.

Апэрацыйныя пакоі ў гарадзкім радзільным доме апячатаныя. Цяпер тут прымаюць толькі натуральныя роды. Усе парадзіхі з паталёгіямі і патрэбаю ў апэрацыі Кесарава сячэньня накіроўваюцца ў абласны клінічны раддом.

Адмыслоўцы гарадзкога аддзелу аховы здароўя сьцьвярджаюць, што раддом, дзе адбылася трагедыя, добра забясьпечаны неабходным абсталяваньнем і лекамі.

А вось што кажа маладая маці, якой даводзілася нараджаць дзіця ў гэтым радзільным доме:

(Маладая маці: ) “Калі я прыйшла ў раддом, мне сказалі, што нічога ня трэба. Але добра будзе, калі я вазьму шпрыцы, капельніцы, набор для родаў, лекі супраць крывацёку, болі. І ўсё, што я ўзяла з сабою, мне вельмі спатрэбілася, бо ў раддоме не было нават звычайнай зялёнкі”.
XS
SM
MD
LG