Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гаварыў Джордж Буш у штогадовым пасланьні да Кангрэсу?


Юры Дракахруст, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступіў са штогадовым пасланьнем да новага складу Кангрэсу ЗША. Цэнтральнае месца ў прамове заняў плян рэфармаваньня амэрыканскай пэнсійнай сыстэмы. Амэрыканскі прэзыдэнт вітаў посьпехі дэмакратычнага працэсу ў Аўганістане, Палестынскай аўтаноміі, ва Ўкраіне і ў Іраку. Іран у пасланьні прэзыдэнта ЗША быў названы галоўным спонсарам тэрарызму і галоўнай пагрозай распаўсюду ядзернай зброі.

Прэзыдэнт Буш канстатаваў, што цяперашняя пэнсійная сыстэм краіны рушыць да банкруцтва. Ён заклікаў маладых амэрыканцаў укладаць больш грошай у пэнсійныя фонды, інакш пэнсійная сыстэма ня зможа утрымліваць іх у старасьці.

Перайшоўшы да міжнародных праблемаў, прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што адзіная сіла, якая можа перамагчы тэрарызм – гэта моц свабоды. Разам з тым ён заявіў, што Злучаныя Штаты ня маюць ані права, ані імкненьня навязваць іншым краінам сваю сыстэм праўленьня, “няхай кожны сам будуе сваю дэмакратыю” – сказаў Джордж Буш.

Ён вітаў дэмакратычныя перамены, якія адбыліся апошнім часам у шэрагу краінаў.

(Буш: ) “Мы, прадстаўнікі абраных галінаў улады, разам з новым складам Кангрэсу, маем вялікі прывілей – мы займаем свае пасады па волі народу, якому мы служым. Гэты прывілей мы падзяляем зь нядаўна абранымі лідэрамі Аўганістана, Палестынскіх тэрыторыяў, Украіны, а таксама свабоднага і сувэрэннага Іраку”.

Амэрыканскі лідэр рэзка скрытыкаваў Іран, назваўшы яго “галоўным спонсарам тэрарызму і галоўнай пагрозай распаўсюду ядзернай зброі”. Ён заклікаў іранскі народ выбраць шлях да свабоды, аднак падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты разам з эўрапейскімі саюзьнікамі імкнуцца дыпляматычных шляхам прымусіць Тэгеран адмовіцца ад ваенных ядзерных праграмаў.

Прэзыдэнт ЗША абвінаваціў Сырыю ў тым, што дазваляе тэрарыстам выкарыстоўваць у якасьці базаў сваю тэрыторыю і тэрыторыю суседняга Лібану. Джордж Буш заявіў, што Дамаск мусіць або зьмяніць свае паводзіны, або панесьці за іх адказнасьць.

На думку амэрыканскага прэзыдэнта нядаўнія выбары ў Іраку сталі першым крокам да стабільнасьці і спыненьня гвалту.

(Буш: ) “Мы дасягнулі посьпеху ў Іраку, бо іракцы маюць намер змагацца за сваю свабоду і самім пісаць уласную гісторыю. Як сказаў ірацкі прэм’ер-міністар Алаўі, выступаючы ў Кангрэсе ў мінулым верасьні: “Іракцы імкнуцца узяць на сябе адказнасьць за бясьпеку нашай краіны настолькі хутка, наколькі гэта магчыма”. Гэта – натуральнае імкненьне незалежнай нацыі і гэта галоўная мэта нашай кааліцыі ў Іраку”.

Разам з тым прэзыдэнт Буш не назваў тэрмін вываду амэрыканскіх сілаў зь Іраку. “Калі Ірак зможа сам абараняць сябе, тады амэрыканскія салдаты сыдуць зь Іраку з гонарам і пашанай, якіх яны заслужылі “ – сказаў ён.

Джордж Буш таксама выказаў спадзяваньне, што апошнія дэмакратычныя перамены ў Палестынскай аўтаноміі адкрыюць шлях да прымірэньня на Блізкім Усходзе.

(Буш: ) “Пачатак рэформаў і дэмакратыі на палестынскіх тэрыторыях паказвае, што свабода перамагае старыя звычкі гвалту і варажнечы. Заўтра дзяржсакратар Райс накіруецца на Блізкі усход, дзе сустрэнецца з ізраільскім прэм’ер-міністрам Шаронам і палестынскім лідэрам Абасам. Яна абмяркуе, як мы і нашыя сябры змогуць дапамагчы палестынцам пакласьці канец тэрору і будаваць мірную, незалежную, дэмакратычную дзяржаву”.

Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што будзе прасіць Кангрэс асыгнаваць 350 мільёнаў даляраў на судзеяньне рэформам у Палестынскай аўтаноміі.

Напрыканцы сваёй прамовы Джордж Буш прыгадаў, што ў свой час вызваленьне Эўропы ад нацызму здавалася нязбыўнай марай, але яна ажыцьцявілася. Спраўдзілася і мара пра вызваленьне ад камунізму. “Спраўдзіцца і мара аб свабодзе ва ўсім сьвеце” – сказаў Джордж Буш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG