Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі прэм’ер-міністар Зураб Жванія памёр ад атручваньня газам?


Сяргей Астраўцоў, Прага Грузінскі прэм’ер-міністар Зураб Жванія быў знойдзены мёртвым у чацьвер а палове 4-й гадзіны ў кватэры свайго сябра ў Тбілісі. Улады паведамілі, што кіраўнік ураду памёр ад атручэньня прыродным газам. Афіцыйна пра сьмерць прэм’ер-міністра сказаў раніцай на прэс-канфэрэнцыі міністар унутраных спраў Вано Мерабішвілі. У кватэры былі знойдзеныя мёртвымі абодва — Жванія і ягоны сябра Рауль Юсупаў — намесьнік кіраўніка раёну Квэма Картлі.

Міністар унутраных спраў Вано Мерабішвілі паведаміў журналістам, што Жванія прыехаў да свайго сябра прыблізна апоўначы.

Ягоная ахова чакала на вуліцы. Аднак прэм’ер-міністар не адказваў на тэлефонныя званкі, і ніхто не адмыкаў дзьверы. Пасьля чатырох гадзінаў ахоўнікі ўзламалі вакно, празь якое трапілі ў кватэру. Там яны знайшлі два трупы.

Мерабішвілі сказаў, што ідзе сьледзтва і пакуль нельга назваць дакладныя абставіны сьмяротнага здарэньня. Адзінае, што ўлады на дадзены момант разглядаюць яго як няшчасны выпадак.

(Мірабішвілі: ) “Гэта трагічнае здарэньне. Я быў там асабіста. Мы можам сказаць, што гэта адбылося ад атручэньня газам. У пакоі быў газавы награвальнік іранскай вытворчасьці. Сьмерць абодвух, верагодна, наступіла імгненна. Жванія сядзеў у фатэлі, а ягоны сябра ляжаў у кухні. На стале была ежа і напоі”.

Кіраўнік кампаніі, якая назірае за пастаўкамі газу ў грузінскую сталіцу, сказаў рэпарцёрам, што спэцыялісты не знайшлі ўцечкі газу ў кватэры Юсупава.

Давід Марчыладзэ таксама сказаў, што награвальнік быў усталяваны два дні таму і дапусьціў магчымасьць таго, што кватэру не праветрылі, і там магла быць пэўная канцэнтрацыя газу.

У чацьвер раніцай прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі узначаліў надзвычайнае пасяджэньне кабінэту міністраў. Міністры ўшанавалі памяць Зураба Жваніі хвілінай маўчаньня. Саакашвілі прызнаўся, што сьмерць Жваніі сталася сур’ёзным ударам для Грузіі. Прэзыдэнт сказаў, што краіна страціла вялікага патрыёта, а ён асабіста—свайго самага блізкага сябра.

Зураб Жванія нарадзіўся ў 1963 годзе. З адукацыі біёляг, ён заснаваў у Грузіі ў канцы 80-х гадоў экалягічны рух. У 1993-м ён узначаліў Саюз грамадзянаў Грузіі, на які абапіраўся тагачасны прэзыдэнт Эдуард Шэварднадзэ. Праз два гады Жванію абралі сьпікерам парлямэнту. Сваю пасаду ён пакінуў у 2001 годзе, каб выказаць нязгоду з палітыкай Шэварднадзэ. Пазьней, пасьля адстаўкі Шэварднадзэ, Жванія стаў другім чалавекам у грузінскім кіраўніцтве і нядаўна заняў пасаду прэм’ер-міністра.
XS
SM
MD
LG