Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што на хвалях “Свабоды” хацелі б пачуць віцябляне пра Вялікую Айчынную вайну?


Браніслава Станкевіч, Менск Апытаньне на вуліцах Віцебску праводзіла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Беларуская “Свабода” рыхтуе цыкль перадачаў да 60-х угодкаў заканчэньня другой усясьветнай вайны. Якія тэмы з гісторыі вайны падаюцца вам недастаткова асьветленымі, раскрытымі, яснымі? Пра што б вы хацелі дадаткова даведацца на гэтую тэму?”

(Спадар: ) “Хацелася б пачуць па Радыё Свабода, ці ўсё ліхое ў часе вайны было ад фашыстаў, і ці ўсё добрае — ад партызанаў. А таксама пра новы курс “Вялікая Айчынная вайна”, які вывучаецца цяпер у школах ды ўнівэрсытэтах — ці ўсё там напісана так, як было на нашых тэрыторыях у сапраўднасьці?”

(Спадарыня: ) “Трэба па зярнятку зьбіраць зьвесткі, што ў час вайны было зьнішчана — якія музэі, помнікі архітэктары зруйнаваныя. І трэба больш рабіць інтэрвію з тымі людзямі, якія засталіся па-за ўвагай прэсы, па-за ўвагай грамадзкасьці, але якія шмат зрабілі дзеля перамогі”.

(Дзяўчына: ) “Вэтэраны сёньня часта бэсьцяць моладзь, але ж мы імкнемся іх зразумець, дапамагчы, саступаем месца ў грамадзкім транспарце. І яны таксама мусяць нас разумець! І таму я лічу, што трэба больш матэрыялаў пра сувязь пакаленьняў”.

(Другая дзяўчына: ) “А яшчэ трэба расказваць пра тое, як цяпер цяжка жывецца вэтэранам, як ім патрэбная і падтрымка маральная, і матэрыяльная дапамога”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што цікава было б даведацца пра асабістыя лёсы ды подзьвігі асобных людзей. Вось, да прыкладу, мая прабабуля была ўдзельніцай вайны, падпольшчыцай. Уяе было шмат дзяцей, а ў вайну яна палову іх страціла”.

(Спадарыня: ) “Асабіста я хацела б даведацца што-небудзь з сакрэтных матэрыялаў, пазнаёміца зь якімі раней не было магчымасьці — і пра партызанскі рух, і пра падпольле, і, магчыма, пра нейкія дакумэнты выведкі”.

(Спадар: ) “Можна было б распавесьці пра першае зьяўленьне немцаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў верасьні 1939 году. Бо, як мне падаецца, гэта досыць цікавая старонка нашай гісторыі, але досыць мала вядомая. У нашым грамадзтве ўвогуле пра Вялікую Айчынную вайну зьявілася дужа шмат мітаў, і перадачы “Свабоды” можна было б зрабіць так, каб пэўныя стэрэатыпы маглі б быць зьмененыя, ці, прынамсі, скарэктаваныя”.
XS
SM
MD
LG