Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі абвяргае скаргі


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Пераразьліку за нядаўняе падвышэньне коштаў жыльлёва-камунальных паслугаў ня будзе. Пра гэта заявіў сёньня міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Белахвостаў. Ён лічыць неабгрунтаванымі скаргі насельніцтва, паколькі, на яго думку, палітыка ў гэтай сфэры праводзіцца ў адпаведнасьці з рашэньнямі ўраду і прэзыдэнта.

Паводле міністра Белахвостава, яму вядома пра скаргі жыхароў краіны, зь якімі яны зьвяртаюцца ў органы дзяржаўнага кіраваньня. Аднак гэты грамадзкі пратэст ён лічыць неабгрунтаваным.

(Белахвостаў: ) “Павышэньня тарыфаў ня было. Плацяжы, выстаўленыя насельніцтву за ацяпленьне, за падагрэў гарачай вады, за тэхнічнае абслугоўваньне ў суме выстаўлены на падставе прыладнага ўліку па фактычным спажываньні. Гэта ня ёсьць вынікам дзейнасьці нейкага кіраўніка жыльлёва-камунальнай арганізацыі альбо арганізацыі цеплазабесьпячэньня”, — патлумачыў міністар Белахвостаў.

Інакш лічаць жыхары, якія карыстаюцца жыльлёва-камунальнымі паслугамі. Павелічэньне іх кошту, як лічыць, напрыклад, пэнсіянэрка з Жодзіна Людміла Шчарбовіч, было істотным:

(Шчарбовіч: ) “Яны яшчэ летась зрабілі павышэньне кошту аднаго квадратнага мэтра за тэхнічнае абслугоўваньне. Зрабілі 154 рублі за сьнежань. Хто іх прасіў напрыканцы году, каб не паказаць сёлета павышэньня? Вядома, павысіўся і капрамонт. Яны даюць ваду — мы плацім. За ўсё, што яны абслугоўваюць, мы плацім. Але вось яшчэ такая паслуга — за плошчу плаціць, у каго выкупленыя кватэры. Гэта сорам. У мяне за ацяпленьне ў папярэднім месяцы была 31 тысяча рублёў, а цяпер 35 тысяч. Павысілася — дый добра павысілася!”

На думку Шчарбовіч, у павелічэньні кошту жыльлёва-камунальных паслугаў ёсьць зацікаўленыя асобы:

(Шчарбовіч: ) “У ЖКГ самыя высокія заробкі. Асабліва ў начальства. Хай абнародуюць сваю зарплату. Мы ня лічым чужых грошай, але гэта зьвязана з тым, што за кошт камунальных паслугаў абіраюць людзей, каб сабе зрабіць высокія заробкі”.

Паводле дэпутата Менскага райсавету Юрася Зянковіча, насельніцтва незадаволенае жыльлёва-камунальнай палітыкай з прычыны нізкага дабрабыту. Ацэнку сытуацыі ў гэтай сфэры міністра Белахвостава ён лічыць неаб’ектыўнай:

(Зянковіч: ) “Мне вядома, у маіх знаёмых, сяброў і сваякоў у студзені таксама прыйшлі жыровачкі на большую суму, як гэта было раней. І калі людзі кажуць, што ім у студзені прыйшло плаціць больш за жыльлёва-камунальныя паслугі, гэта азначае, што прыйшло плаціць больш. Я мяркую, што калі ідзе спрэчка паміж некалькімі мільёнамі грамадзянаў Беларусі й недаінфармаваным міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, то я асабіста схіляюся да думкі некалькіх мільёнаў грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG