Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку загінуў беларус, які служыў у арміі ЗША


Альгерд Невяроўскі, Менск 24 гадовы беларус, малодшы сяржант арміі ЗША Віктар Ёлкін, загінуў 24 студзеня разам з чатырма сваімі калегамі падчас баявога патруляваньня ў раёне на паўночны-ўсход ад Багдаду. Паводле афіцыйнага паведамленьня Міністэрства абароны ЗША, бронетранспартэр, у якім ехаў Віктар Ёлкін, перакуліўся і зваліўся ў канал.

Пра гісторыю беларуса, што загінуў у Іраку, паведаміла газэта “Houston Chronicle” у артыкуле пад назваю “Салдат загінуў за краіну, якая яго ўсынавіла”.

Віктар Ёлкін прыехаў у ЗША зь Беларусі ў 1998 годзе і жыў у горадзе Х’юстан, штат Тэхас. Спачатку ён мыў посуд у адным з х’юстанскіх рэстаранаў, а ў 2003 годзе дамогся, каб яго прынялі ў армію ЗША і накіравалі ў Ірак.

Былая жонка Віктара 44-гадовая Кэтрын Ёлкін адгаворвала яго ісьці ў войска, але ён сказаў, што вельмі хоча паслужыць сваёй новай радзіме, якую ён вельмі моцна любіць. Кэтрын Ёлкін распавяла, што зь Віктарам яе пазнаёміў сябра ў рэстаране. Калі жанчына замовіла алькагольны кактэйль пад назваю (White Russian) “Белы расеец”, яе сябра прывёў да століка Ёлкіна і сказаў, што гэта беларус.

У шлюбе Віктар і Кэтрын пражылі ўсяго некалькі месяцаў, але й пасьля разводу падтрымлівалі сяброўскія адносіны. За некалькі дзён да сьмерці Віктар даслаў былой жонцы з Іраку электроннай поштай ліст. Ён паведамляў, што “ўсё яшчэ жывы, але становішча ў Іраку становіцца ўсё горшым”. А пасьля Кэтрын Ёлкін атрымала афіцыйнае паведамленьне аб сьмерці былога мужа.

Пасьля зьяўленьня інфармацыі пра сьмерць Віктара Ёлкіна Міністэрства замежных справаў Беларусі, правярала, ці заставаўся ён беларускім грамадзянінам. Вось што сказаў кіраўнік прэсавай службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Мы даведаліся, сапраўды быў такі грамадзянін Беларусі. Наколькі нам вядома, ён атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Уся іншая інфармацыя тычыцца яго прыватнага жыцьця і прыватнага жыцьця ягоных бацькоў”.

Амбасада ЗША ў Менску з нагоды сьмерці Віктара Ёлкіна выступіла з афіцыйнай заявай. Яе зачытаў супрацоўнік прэсавай службы амбасады ЗША Юрась Ягадзінскі:

(Ягадзінскі: ) “Малодшы сяржант Ёлкін служыў Амэрыцы з гонарам. Мы і ўсе амэрыканцы падзяляем смутак яго сям’і ды ганарымся ягонымі якасьцямі салдата і чалавека, якія ўвасабляюць найвышэйшы гонар”.

У амэрыканскай амбасадзе таксама пацьвердзілі, што малодшы сяржант Ёлкін быў грамадзянінам ЗША, але пахаваньне лічаць прыватнай справай яго сям’і. У Віктара Ёлкіна ў Злучаных Штатах няма сваякоў і родных. Кэтрын Ёлкін у інтэрвію “Houston Chronicle” сказала, што пахаваньне яе былога мужа хутчэй за ўсё адбудзецца ў Беларусі, дзе жывуць ягоныя бацькі.
XS
SM
MD
LG