Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф ня схільная ацэньваць Беларусь у якасьці аднаго з “фарпостаў тыраніі”


Ул. інф. Сёньня напярэдадні свайго адлёту зь Менску кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі, дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф заявіла, што нягледзячы на ўсю складанасьць беларускай сытуацыі, Эўропа мусіць пастаянна думаць пра дыялёг з гэтай краінай і працягваць яго на самым розным узроўні і самымі рознымі сродкамі.

Спадарыня Цапф пагаджаецца з тым, што з кожным новым візытам яе групы ў Менск Беларусь пакідае ўсё больш сумнае ўражаньне.

(Цапф: ) “Сапраўды, на працягу апошняга году мы назіраем за тым, як у Беларусі пагаршаецца сытуацыя ў галіне правоў чалавека, улады ўсё больш перасьледуюць незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі, апазыцыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Нядаўна Вашынгтон назваў Беларусь адным з фарпостаў тыраніі. Вы згодныя з такой ацэнкай?”

(Цапф: ) “Я ня прыхільніца рабіць падобныя заявы. Я лічу, што заўсёды патрэбная адкрытая крытыка, але не ў такіх дзіўных выразах, як гэта зрабіла спадарыня Райс. Эўропа мусіць пастаянна думаць пра палітычны дыялёг зь Менскам і пра тое, што яго трэба працягваць самымі рознымі сродкамі і на самых розных узроўнях — як на ўзроўні афіцыйных структураў, так і на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці.

У часе цяперашняга візыту нам давялося правесьці сустрэчу з новымі парлямэнтарамі Нацыянальнага сходу Беларусі, таксама ўдзельнічаць у перамовах з кіраўніцтвам беларускага МЗС, Міністэрства юстыцыі. Мы выказалі жорсткую крытыку ў зьвязку парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, з нагоды несправядлівага пакарэньня апанэнтаў рэжыму. Я маю на ўвазе Леванеўскага, Васільева, Бандажэўскага, Марыніча. Дарэчы, гэтыя людзі ведаюць пра нашу падтрымку. Мне прыемна было даведацца, што спадар Марыніч у мінулым месяцы атрымаў мой ліст да яго, дзе былі выказаныя словы салідарнасьці з боку нашых нямецкіх палітыкаў”.

(Карэспандэнтка: ) “У часе нашае апошняе размовы з вамі — гэта адбылося пасьля рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў — вы сказалі, што абавязкова сустрэнецеся з вашай калегай па Бундэстагу хрысьціянскай дэмакраткай Кляўдыяй Нольтэ і абмяркуеце далейшыя палітычныя крокі ў дачыненьні да Беларусі. Такое абмеркаваньне ўжо адбылося?”

(Цапф: ) “На жаль, пакуль такога абмеркаваньня са спадарыняй Нольтэ ў нас яшчэ не было. Аднак мы разумеем, што нам трэба сустрэцца як мага хутчэй. Тым часам беларуская тэма, паводле нашай ініцыятывы, абмяркоўвалася на ўзроўні ўраду. Размова вялася адносна далейшай стратэгіі Нямеччыны і Эўропы ў дачыненьні да Беларусі й пра неабходныя крокі ў справе падтрымкі дэмакратыі. Калі ж гаварыць пра абмеркаваньне беларускага пытаньня на ўзроўні ПА АБСЭ, то ня думаю, што гэта будзе зімой. На зімовай сэсіі ня будуць абмяркоўвацца падобныя спэцыфічныя моманты, аднак мы ня выключаем, што гэтае пытаньне будзе разгледжанае летам”.
XS
SM
MD
LG