Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец: “Усё, што ён робіць як прэзыдэнт, робіцца ў адпаведнасьці з законам”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Мікалай Чаргінец ня лічыць новы закон аб унутраных войсках бездакорным, але згодны з папраўкай адносна выкарыстаньня зброі. Сябра Савету рэспублікі беларускага парлямэнту Мікалай Чаргінец нагадаў, што публічна крытыкаваў праект гэтага закону, калі ён патрапіў на разгляд у парлямэнт. Але ягоная крытыка ня тычылася папраўкі адносна ўжываньня зброі.

З новым палажэньнем гэтага закону, паводле якога прэзыдэнт Беларусі цяпер мае права самастойна вызначаць выпадкі ўжываньня зброі, Мікалай Чаргінец згодны. Ён выключае, што прэзыдэнт будзе злоўжываць гэтым правам.

(Чаргінец: ) “Не, проста так прэзыдэнт можа запрасіць свайго сябра папіць гарбаты, а ўсё, што ён робіць як прэзыдэнт, усё гэта робіцца ў адпаведнасьці з законам. Інакш… Не, гэта ня маецца на ўвазе”.

Мікалай Чаргінец ня лічыць, што няма каму кантраляваць дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі, калі ён будзе вызначаць выпадкі ўжываньня зброі ўнутранымі войскамі.

Спадар Чаргінец перакананы, што ўсе такія рашэньні будуць прымацца прэзыдэнтам паводле закону і Канстытуцыі.

Новы закон аб унутраных войсках быў падрыхтаваны камісіяй у справе нацыянальнай бясьпекі парлямэнту мінулага скліканьня, якую ўзначальваў дэпутат Барыс Бікінін. У канчатковым выглядзе закон прыняў парлямэнт, абраны ў кастрычніку 2004 году.
XS
SM
MD
LG