Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Цімашэнка прадставіць праграму новага ўкраінскага ўраду


Юры Сьвірко, Кіеў 3 лютага Ўкраіна можа атрымаць новы ўрад. Цалкам верагодна, што новым прэм’ер-міністрам Украіны стане Юлія Цімашэнка – першая жанчына на такой пасадзе ў СНД. А 10-й раніцы ў Кіеве распачалося паседжаньне Вярхоўнай Рады, якая мусіць зацьвердзіць склад кабінэту міністраў і ўрадавую праграму дзеяньняў.

Як будзе праходзіць зацьверджаньне ўкраінскага ўраду? Прозьвішчы новых міністраў пакуль яшчэ невядомыя, працэдура будзе такая: ніхто ўжо не сумняваецца, што Юлія Цімашэнка стане прэм’ер-міністрам Украіны, нават фракцыя былога прэм’ер-міністра Віктара Януковіча: палова яе сяброў можа прагаласаваць за Юлію Цімашэнку. Адзін з прадстаўнікоў гэтай фракцыі заявіў, што сьцьвярджэньне прэм’ера – гэта не прынцыповае для партыі рашэньне, таму што ўсё адно гэта квота прэзыдэнта Юшчанкі, і ад прэм’ера мала што залежыць.

Пасьля таго як Юлія Цімашэнка прадставіць сваю праграму як прэм’ер міністра, будзе галасаваньне за яе кандыдатуру. Адразу пасьля гэтага прэзыдэнт Віктар Юшчанка падпіша ўказ аб прызначэньні яе на пасаду прэм’ер-міністра, а потым будуць прызначаныя ўсе міністры і губэрнатары.

Што да кандыдатураў, дакладна вядома, што галоўным віцэ-прэм’ерам у пытаньнях эўраінтэграцыі будзе Алег Рыбачук – гэта адзін з паплечнікаў Юшчанкі падчас выбараў. Таксам магчыма, што будзе віцэ-прэм’ерам Анатоль Кінах – ён быў кіраўніком ураду пасьля Юшчанкі і да Януковіча. Відаць, што ўсе сілавыя міністэрствы – абароны, унутраных справаў – будуць ачольваць цывільныя асобы. Пра гэта заявіў сам прэзыдэнт Юшчанка.

А якую ўрадавую праграму прапануе Юлія Цімашэнка? Магчымы віцэ-прэм’ер па гуманітарных пытаньнях Мікола Тамэнка сказаў, што гэта будзе вельмі арыгінальная праграма дзеяньняў ураду, і што ў такой праграме ўпершыню ня будзе галіновага прынцыпу. Гэтая праграма мае разьдзелы, якія называюцца “Вера”, “Справядлівасьць”, “Жыцьцё”, “Гармонія”, “Бясьпека” і “Сьвет”. Напрыклад, разьдзел “Вера” датычыцца пытаньняў духоўнасьці, культуры, СМІ, а разьдзел “Жыцьцё” – эканамічных і сацыяльных пытаньняў.

Цікава, што калі праграму ўраду зацьвердзяць сёньня, дык гэта дасьць Юліі Цімашэнцы імунітэт ад адстаўкі на год. Вярхоўная рада Ўкраіны ня будзе мець права ставіць пытаньне аб адстаўцы прэм’ер-міністра і ўсяго ўраду цягам 365 дзён, каб даць ім магчымасьць рэалізоўваць гэтую праграму.

Напярэдадні Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла запыт да генпракурора наконт мажлівасьці крымінальнай справы супраць экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы ў зьвязку з забойствам журналіста Георгія Гангадзэ. Што кажуць у Кіеве наконт рэальнасьці гэтай крымінальнай справы?

Запыт гэты даволі сур’ёзны, бо Кучма ўпершыню выступае зараз як абвінавачаны. Але шмат што будзе залежаць ад Генэральнай пракуратуры Ўкраіны. Пакуль што справа Георгія Гангадзэ яшчэ не раскрытая. Калі яна будзе раскрытая, калі будуць знойдзеныя забойцы і арганізатары гэтага забойства – ніхто ня ведае.

Шмат хто ў Кіеве кажа, што Л.Кучма мусіць несьці пэўную адказнасьць за гэта, але якая будзе гэтая адказнасьць? Кіеўскія назіральнікі мяркуюць, што Віктар Юшчанка будзе глядзець больш не ў мінулае, а ў будучыню: ён хоча рабіць кардынальныя пераўтварэньні ў дзяржаве, таму магчыма, што ён, так бы мовіць, даруе Кучму тое, што ён нарабіў да таго.
XS
SM
MD
LG