Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб ня крамнае насіць, не з маскалём жыць


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

За студэнцкім часам жыла я ў адным пакойчыку зь немкамі, што прыяжджалі з унівэрсытэтаў ГДР на год стажу ў славяназнаўстве. Мы сьсябраваліся, і налета мяне запрасілі гасьцяваць у Нямеччыну. Зьдзіву з жыткі іхнае й цяпер не пераказаць. Напакоўвалі ў сем’ях паўнюткія валізкі ўсялякага дабра. І ў “гуманітарцы” той, дарэчы, было ўсё навюткае. А каб ніхто не чапляўся на мытні, усе пакункі пазначалі адрасна: кожнаму ў маёй хаце дасылаўся асобны дар ад кагосьці з радзіны нямецкіх прыязьніц.

Дома ўсе не нацешацца! А бабуля абгледзела тонкую далікатную бялізну, вытвараную немцамі-эстэтамі, і абвясьціла: “Крамнае насеце самі. Мне й свайго, кужэльнага, стае”.

Затым гукнула мяне ў сад. Пасеўшы пад яблыняй, мы шчыраваліся. Яна хітравала, дапытваючы, ці не знайшла якога “фрыца” за нарачонага. Насавечаная й падмацаваная ўсходне-нямецкай верай у магутную Маскву, я адмахнулася: “Пачакаю рускага, свайго”.

“Барані, Божа! – амаль заенчыла мая апякунка. – Няма горш, як што крамнае насіць ці з маскалём жыць. Ведаю: у бежанцах была...”

Трохі ачомалася й дадала: “Маскаль – то ж ня свой, чужак. Ня гэткі, як мы. Ён жа ў браты сунецца, прыродніваецца, як тая сарочка – з крамы, а за свойскую выдае”.

Колькі пасьля я вычула пра Масковію, дзе ні ладу, ні парадку, пра кашулю, бліжшую за сярмягу, а дакеміла праўды, калі сама спазнала: далёкае чужое бывае раднейшым за блізкае, ды падманным. На Заходняй Беларусі формула каб ня ў крамным хадзіць, не з маскалём жыць ці не абарончы закон – самазахаваньня й самапомнасьці.

Вось чаму старая мудрыца зьвяла гэтыя паняткі ў адно. Зрэшты, натрапляла я потым на гэтую фармулёўку ў розных варыяцыях: каб ня ў крамным хадзіць, не з маскалём жыць.
XS
SM
MD
LG