Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ад такой ежы, спадар Лукашэнка, і ногі не пацягнуць, каб бегаць, ня кажучы ўжо аб асабістай прыгажосьці”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 1 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт таго, што Лукашэнка прамовіў на адкрыцьці лыжнага курорту “Сілічы”, дзе ён параіў беларусам напалову скараціць ужываньне ежы. Кожны беларус, напэўна, і так недаядае тое, што трэба, за гэтыя гады, пакуль ён кіраваў краінай. І калі яшчэ скараціць напалову сваё харчаваньне, дык гэта зусім будзе нешта незразумелае.

І яшчэ хачу сказаць, што, напэўна, Лукашэнку ўжо ня трэба езьдзіць за мяжу на чужыя лыжныя курорты, не вывозіць вялікія валютныя сродкі, а катацца на сваім айчынным курорце, тым самым пакідаць грошы ў нашай дзяржаве. Вось такія мае думкі. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Вось зараз я пачуў, што пражытковы ўзровень стаў 135 тысяч. А ёсьць яшчэ пражытковы ўзровень для пэнсіянэраў. Гэта бязглуздая лічба – 112 тысяч 700! Скажыце, мо Радыё Свабода ведае, у якой краіне ёсьць яшчэ два пражытковых узроўні? Ці яны лічаць, што пэнсіянэры павінны жыць на малацэ, на вадзе і хлебе?”

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Я ўпэўніўся, што беларускі кіраўнік заўсёды кажа праўду. У свой час ён шчыра паведаміў, што заўсёды захапляўся Гітлерам. І вось, выступаючы на адкрытым, так званым, горным комплексе, на маю думку, для яго асабістага карыстаньня, ён шчыра папярэдзіў беларусаў, што неўзабаве беларусы будуць есьці на 25 адсоткаў менш, а хутка нават і на 50 адсоткаў. Гэта значыць, што калі цяпер большасьць беларусаў спажывае ў ежу адзіныя танныя прадукты, бульбу і капусту, то хутка даступнай стане альбо адна бульба ці адна капуста. Ад такой ежы, спадар Лукашэнка, ня толькі сэксам ня будзеш займацца, але і ногі не пацягнуць, каб бегаць, ня кажучы ўжо аб асабістай прыгажосьці”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне! Наконт вашага пытаньня наконт другой сусьветнай вайны. Справа ў тым, што яна ўвогуле вельмі дрэнна вывучаная, а наяўныя зьвесткі амаль не адпавядаюць сапраўднаму становішчу таго часу. Пачынаць трэба з кастрычніцкага перавароту, са спробаў зрабіць рэвалюцыю ў Германіі ў 1923 годзе, чаму існавалі нямецкія вайсковыя вучэньні на тэрыторыі СССР ў 1930-е гады, потым сумесныя парады нямецкіх войскаў і чырвонай арміі ў 1939 годзе ў Берасьці і Пінску; і як так адбылося, што ў 1941 годзе найвялікшы палкаводзец Жукаў дабег амаль да Ўралу; а таксама партызанскі рух, рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва, і ў 1944 годзе рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва пад час вызваленьня, і пасьляваенны нюрнбэрскі працэс, так званы, каго асудзілі, за што і як”.

(Спадарыня: ) “Вы часта паўтараеце тое, што пускаеце ў эфір меркаваньні розных людзей, якія выказваюцца, як за так і супраць прэзыдэнта Лукашэнкі. Але ж гэта ня так! У вас ідзе аднабаковае вяшчаньне! Кожны дзень пускаеце ў эфір меркаваньні тых самых, хто паклёпнічае на нашага прэзыдэнта Лукашэнку. Яны менавіта паклёпнічаюць, а не крытыкуюць, яны ня здольныя адрозьніваць крытыку ад паклёпу.

30 студзеня я выказала сваё меркаваньне ў адрас Юшчанкі, але вы перадалі толькі частку майго выступленьня, вы не перадалі менавіта тое, што менавіта бянтэжыць мяне – яго адносіны з Абрамовічам, які зьбіраецца прасіць у яго ўкраінскае грамадзянства, каб быць бліжэй да Расеі. Таксама мяне зьдзіўляюць адносіны Юшчанкі зь Цімашэнкай Юліяй, якая знаходзілася ў пошуку расейскай пракуратуры. Але пасьля наведваньня Масквы Юшчанка і Пуцін пагутарылі, і цяпер кажуць, што няма ў Цімашэнкі злачынстваў. Ці можна верыць такім прэзыдэнтам пасьля такіх дзеяньняў? Яны самі сябе падстаўляюць пад дошку, самі сябе ганьбяць. У Пуціна ніколі не было цьвёрдага меркаваньня, яго ўвесь час хістала з боку ў бок. То ён быў супраць ваенных дзеяньняў у Іраку, а потым падтрымаў іх.

Ці яшчэ наконт выступаючых, якія выказваюцца ў адрас прэзыдэнта Лукашэнкі. Вось нейкі стары крытыкаваў Лукашэнку, што ён падымае паважаных людзей і лаяцца на іх за тое, што яны дрэнна працуюць. Усім вядома, што ў нас вельмі шмат дэмакратаў, якія займаюць кіруючыя пасты. І паважаныя яны павінны быць не таму, што яны займаюць гэтыя пасты, а таму, як яны дрэнна працуюць. А тое, што падымаюць іх – гэта правільна, бо менавіта я хачу бачыць фізіяномію людзей, якія ня хочуць працаваць, а толькі кіраваць. Праўда, кіраваць яны людзьмі ня ўмеюць, як і ня ўмеюць кіраваць той галіной, якой павінны!”
XS
SM
MD
LG