Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які-ніякі, а дасца ў знакі


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

У народзе, як у карагодзе – усё панітавана, і паасобку ня мае сэнсу, кожны свой рэй вядзе. На дабро ці на ліха – на такое зважаюць. І дакладнымі слоўцамі называюць.

Вось і ў гэтым трапным вызначэньні націскі зрушаны дзеля ярчэйшай акрасы зьявы. Які – пэўне, той, хто напоўніцу рэалізуе сваё Я, выЯўляецца Асобай, Індывідуальнасьцю. Таму ж менавіта Які, а не які.

Ціхая, некрыкатая знакавасьць, асаблівая ўплывовасьць на жыцьці, а нават і думкі іншых людзей – арганічная ўласьцівасьць Якага. Затое ж ніякі гэтак дасца ў знакі, гэтак выесьць душу, што сем вёрст абыдзеш, каб не сустрэць. А ён – неадчэпна ўсьлед. Бо ж самога па сабе яго няма, ягонае Я асьцюком вытыркаецца толькі з дурнотных загадаў і спрытнага маніпуляваньня людзьмі й сытуацыямі.

Згадваць гэтых ніякіх – дык процьма набярэцца. Таму народ мудра проціпаставіў Якасьць і ніякасьць. Пра Асобу, насамрэч знакавую ў лёсе грамады, ніколі ня скажуць: дасца ў знакі. Гэтак характарызуюць толькі адмоўную дзейнасьць, функцыянаваньне фанабэрыстага ніякага, прагнага да насалоды чужой падуладнасьцю.

Давялося колісь чуць, як вясковыя спадарыні абмяркоўвалі зьяўленьне новага старшыні калгасу. Адна суцяшала: маўляў, раз ніякі, дык і старчма нікуды лезьці ня будзе. Сталейшая ж ледзь не сурова перасьцерагла: “Які-ніякі, а дасца ў знакі”. На азіяцкіх землях спрадвеку прыкмячаюць: дурню й Мэкка блізка, ці дурань стомы ня ведае, а ў Расеі папярэджваюць: услужливый дурак опаснее врага.

Гісторыя засьведчыла безьліч прыкладаў валадараньня тых самых ніякіх – у сям’і, ва ўстанове, у дзяржаве. Дый цяпершчына паказвае на тое самае: іншая рада горай, як здрада; які-ніякі, а дасца ў знакі.
XS
SM
MD
LG