Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: “Дазвол Лукашэнкі на забіцьцё”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Дазвол Лукашэнкі на забіцьцё” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”, прысьвечаны зьменам у законе “Аб Унутраных войсках МУС Рэспублікі Беларусь”.

“Вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС Беларусі ўжо ня могуць адмовіцца страляць ва ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў апазыцыі, калі адпаведны загад дасьць прэзыдэнт Лукашэнка – гэта прадугледжваюць папраўкі ў закон аб унутраных войсках. Артыкул, дзе рэглямэнтуецца ўжываньне зброі, дапоўненыя словамі “а таксама ў іншых выпадках, акрэсьленых прэзыдэнтам Беларусі ”, піша “Rzeczpospolita”.

Газэта адзначае, што закон не вызначае, у якіх акалічнасьцях і паводле якога парадку прэзыдэнт мае акрэсьліваць гэтыя “іншыя выпадкі”.

“Rzeczpospolita” падае меркаваньні адмыслоўцаў, якія лічаць, што цяпер Лукашэнка можа прыняць рашэньне ўжыць зброю, напрыклад, супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі, а зьмены ў законе былі ўхваленыя, перадусім, дзеля таго, каб не дапусьціць у Беларусі “ўкраінскага варыянту”.

Аднак самае галоўнае, як адзначыла ў інтэрвію для польскага штодзёньніка старшыня БХК Тацяна Процька, у тым, што новы закон дае Лукашэнку гарантыі – калі ён вырашыць ужыць зброю супраць дэманстрантаў, дык потым яго нельга будзе судзіць, бо такія дзеяньні цяпер не выходзяць па-за межы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Варта дадаць, што ў Польшчы дагэтуль ідуць судовыя працэсы, зьвязаныя з ужываньнем зброі супраць дэманстрантаў ў 1970-м і 1981-м гадох. Прычым на лаву падсудных трапілі ня толькі былыя кіраўнікі ПНР, як, напрыклад, Войцех Ярузэльскі ці былы міністар унутраных справаў генэрал Кішчак, але й звычайныя вайскоўцы МУС, якія выканалі загад страляць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG