Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаліся творчыя конкурсы ў гонар Уршулі Радзівіл і Ўладзімера Караткевіча


Галіна Абакунчык, Менск Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Бацькаўшчына” абвясьціла пра пачатак конкурсу для школьнікаў “Там ля сівых муроў”. Творчае спаборніцтва прысьвечанае беларускім дзеячам і арганізацыям Вільні, а таксама 300-годзьдзю Францішкі Уршулі Радзівіл. Літаратурны конкурс для моладзі распачаў таксама Беларускі ПЭН-цэнтар і прысьвяціў яго 75-годзьдзю з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. Хто мае магчымасьць стаць удзельнікам конкурсаў і якую мэту маюць іхныя арганізатары?

“Бацькаўшчына” праводзіць конкурс для школьнікаў веку 12-14 гадоў. Паводле арганізатараў, гэта самы занядбаны ўзрост, бо яны ўжо ня ўдзельнічаюць у дзіцячых імпрэзах і яшчэ не дарасьлі да сталых. Але менавіта гэты час ёсьць шмат у чым пераломным і ад таго, чым яны будуць цікавіцца й займацца ў гэтыя гады – можа мець самы непасрэдны ўплыў на будучыню. Гэты ж конкурс якраз і мае на мэце заахвоціць моладзь дасьледаваць і вывучаць беларускую гісторыю не па цяперашніх школьных падручніках, дзе мала можна даведацца й пра Вільню, і тым больш пра Уршулю Радзівіл, а зазірнуць у архіўныя сховы бібліятэкаў, сустрэцца зь пісьменьнікамі, краязнаўцамі, ці нават зрабіць вандроўку ў Нясьвіж ці Вільню.

На рахунку “Бацькаўшчыны” гэта ўжо пяты гістарычны конкурс і, як адзначаюць арганізатары, пасьля кожнага зь іх ранейшыя ўдзельнікі працягваюць кантактаваць зь іхнай арганізацыяй, паміж сабой, заахвочваюць цікавіцца гісторыяй сваіх сяброў. Конкурсныя працы, як і ў мінулыя разы, падаюцца ў выглядзе літаратурных твораў і мастацкіх работ. А чаму сёлета абраная такая тэма, тлумачыць каардынатарка праекту Ніна Шыдлоўская.

(Шыдлоўская: ) “Мы вырашылі распачаць конкурс зь Вільні, бо вельмі многія беларускія дзеячы й арганізацыі зьвязаныя з гэтай гістарычнай і культурнай беларускай сталіцай. Другая частка прысьвячаецца Уршулі Радзівіл, каб праз гэтую выбітную асобу зьвярнуць увагу школьніцтва на іншыя беларускія магнацкія роды, якія заўсёды мелі выключную ролю ў палітычнай і культурнай гісторыі Беларусі”.

Паводле спадарыні Шыдлоўскай конкурс будзе доўжыцца да 20 красавіка, пасьля камісія вызначыць пераможцаў, а затым пройдзе выстава мастацкіх работаў і будзе выдадзеная кніга літаратурных твораў канкурсантаў.

На якіх удзельнікаў разьлічаны конкурс у гонар юбілейных угодкаў Уладзімера Караткевіча й якім мусіць быць вынік гэтага творчага спаборніцтва? Беларускі ПЭН-цэнтар ладзіць конкурс для маладых літаратараў. Узроставая мяжа для ўдзельнікаў абмежаваная: ад 16 – да 26 гадоў. Паколькі Ўладзімер Караткевіч быў літаратарам шматгранным і працаваў ва ўсіх літаратурных жанрах, то й на конкурс прапанавана дасылаць “п’есы, вершы, апавяданьні, эсэ й дзёньнікі, але перавага аддаецца ўсё ж дэтэктыўна-прыгодніцкаму жанру, які быў вельмі характэрны для творчасьці Караткевіча.

А галоўнай мэтай ёсьць адкрыцьцё новых імёнаў маладых таленавітых творцаў. І асаблівая ўвага гэтым разам будзе зьвернутая на рэгіянальных аўтараў – паведаміў у інтэрвію Свабодзе адзін з арганізатараў конкурсу Сяргей Сматрычэнка:

(Сматрычэнка: ) “Мы зьвязаліся са шматлікімі мясцовымі СМІ й унівэрсытэтамі. Бо, як паказаў досьвед, наперш у такіх конкурсах удзельнічаюць менчукі. А яны такое-сякое імя ўжо маюць, недзе друкаваліся. Для людзей з глыбінкі – гэта працягваньне рукі, гэта адкрыцьцё новых магчымасьцяў і друкавацца, і пазнаёміцца зь літаратарамі. Бо і ў глыбінцы жыве вельмі шмат таленавітых людзей.”

Паводле спадара Сматрычэнкі, конкурс завершыцца 10 красавіка, а 25-га будуць падведзеныя вынікі першага туру. Журы складаюць вядомыя літаратары й рэдактары папулярных літаратурных выданьняў. Другім і заключным турам конкурсу стануць майстар-клясы, якія будуць весьці таксама знаныя творцы, а таксама азнаямляльныя літаратурныя паездкі ўдзельнікаў па рэгіёнах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG