Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод апынуўся на мяжы спыненьня


Казімір Яноўскі, Гомель У мэдыях шырока адзначалі дзьве падзеі, зьвязаныя з Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Гэта – завяршэньне рэканструкцыі паліўна-каталітычнай вытворчасьці і 30-я ўгодкі з часу атрыманьня першага палескага бэнзіну. Што ж такога здарылася, што мадэрнізаваны завод апынуўся на мяжы спыненьня?

Увесь мінулы студзень завод у Мазыры ня мог стабільна працаваць. Што да перагонкі нафты, то тут асаблівых складанасьцяў не было. Апошняя мадэрнізацыя дазволіла павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты.

Цяжкасьці, аднак, склаліся найперш з экспартам гатовай прадукцыі. Паводле намесьніка генэральнага дырэктара у пытаньнях забесьпячэньня сыравінай і рэалізацыі нафтапрадуктаў Сяргея Саладоўнікава, прычынаў таму некалькі. Напачатку году прыбалтыйскія парты з-за дрэннага надвор’я не маглі прыняць танкеры. Менавіта праз гэтыя парты вядзецца адгрузка мазырскага паліва ў заходнеэўрапейскія краіны, ЗША, Афрыку.

Яшчэ адна праблема – пераход з Расеяй на падатак на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня. Праблема гэта сталася цалкам беларускаю, паколькі ўся сыравіна ідзе з Расеі. Адмыслоўцы з Мазыра мелі клопат: як усё-такі афармляць пастаўкі нафты – з падаткам ці без яго? Гэта непазьбежна ўплывала на рытмічнасьць.

Апрача таго, прадпрыемства не адгружала прадукцыю ў Расею, паколькі адсутнічалі гарантыі на аплату падатку на даданую вартасьць расейскім бокам. І гэта яшчэ не ўсё. Цяпер так званыя даўцы вуглевадароднай сыравіны, якія загружаюць завод і даюць працу калектыву, павінны мець ліцэнзію на экспарт нафтапрадуктаў за мяжу. Атрымаць хутка неабходную ліцэнзію ў міністэрстве гандлю не ўяўляецца магчымым. Гэта таксама запавольвае вываз гатовай прадукцыі з рэзэрвуараў.

Сур’ёзную заклапочанасьць у нафтаперапрацоўшчыкаў выклікае і патрабаваньне беларускіх мытнікаў сплачваць поўны экспартны падатак, калі нафтапрадукты накіроўваюцца за межы Эўразьвязу. Гэта моцна вымывае абаротныя сродкі прадпрыемства. Згаданыя праблемы і перашкодзілі мазырскім нафтаперапрацоўшчыкам зарганізаваць паўнавартасны продаж нафтапрадуктаў на зьнешнім рынку.

Як гэта ўсё адбілася на працы калектыву, заробках рабочых, іх самаадчуваньні? Пра гэта я ўчора пытаўся ў старшыні Незалежнага прафсаюзу нафтаперапрацоўчага заводу Юрыя Швеца. Паводле яго, розныя недарэчнасьці праз тыдзень ці месяц будуць выпраўлены.

Рабочы ж люд асабліва хвалюе тое, што беларускі ўрад запатрабаваў ад прадпрыемстваў жорстка прывязаць аплату працы да пражытковага мінімуму. Гэты самы мінімум вызначаны ў памеры 138 тысячаў рублёў. Адпавядае яму і тарыфная стаўка першага разраду. Між тым, на нафтаперапрацоўчым заводзе стаўка першага разраду амаль удвая большая – яна складае 253 тысячы рублёў. Асабіста для нафтаперапрацоўшчыкаў гэта азначае, што іхні заробак замарожваецца да той пары, пакуль пражытковы мінімум ня вырасьце да 253 тысячаў рублёў. “Нас хочуць зраўняць у галечы”, лічыць старшыня Незалежнага прафсаюзу заводу спадар Швец.

Цяпер сярэдні памер заробку на заводзе перавысіў у эквіваленце 350 даляраў. Аднак у бліжэйшы час ніякіх зрухаў у аплаце працы нафтаперапрацоўшчыкаў не прадбачыцца.
XS
SM
MD
LG