Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будзе надрукаваная 100-тысячная купюра


Іна Студзінская, Менск 315 гадоў таму, 3 лютага 1690 году, у Амэрыцы зьявіліся першыя папяровыя грошы. А наагул упершыню ў сьвеце папяровыя банкноты зьявіліся ў Кітаі ў 812 годзе. У Беларусі, у адрозьненьне ад іншых краінаў, манэтаў няма – толькі папяровыя банкноты. І хутка выйдзе ў абарачэньне 100-тысячная купюра. Новая банкнота будзе мець 20 ступеняў абароны. Чым выкліканая неабходнасьць ўвядзеньня грошай большай вартасьці?

Тое, што ў Беларусі будзе выпушчаная 100-тысячная банкнота – гэта наступствы надзвычай высокага ўзроўню інфляцыі, лічыць экс-старшыня Нацбанку прафэсар Станіслаў Багданкевіч. Эканаміст вельмі трапна пажартаваў, што ў Беларусі паказваецца інфляцыя, так бы мовіць, па мэтаду сярэдняй тэмпэратуры па бальніцы. Інфляцыя і рост цэнаў “аблічваюцца” па 350-ці найменьням тавараў, у той час як пэнсіянэр ці нізкааплатны працаўнік не купляе гэтыя 350 відаў тавараў штодня. Ён арыентуецца на харчаваньне, аплату камунальных паслугаў. Таму рэальны ўзровень інфляцыі значна вышэйшы за той, што дэкляруецца афіцыйна, перакананы прафэсар Станіслаў Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “У мінулым годзе рэальная інфляцыя складала 30-50 адсоткаў, а не 14, як сьцьвярджаюць афіцыйныя асобы. І для таго, каб не насіў чалавек мяхі грошай, друкуюцца такія буйныя купюры.

Крокі гэтыя – правільныя ў тэхнічным пляне, але для ўладаў разумна было б спыніць гэты рост цэн. Я лічу, што выпускаць гэтую купюру трэба, каб у партманэ было менш паперак. У той жа час улада павінна змагацца з гэтым абсалютным злом, якім зьяўляецца інфляцыя”.

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч паведаміў, што ў абарачэньне 100-тысячная банкнота будзе ўведзеная праз 4-5 месяцаў. Што да выгляду, што на новай банкноце будзе намалявана – пакуль гэта дзяржаўная таямніца, сказаў начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў.

(Драздоў: ) “Што там будзе, я ня ведаю, у мяне няма інфармацыі, таму што гэта службовая таямніца. Там будзе ня менш за 20 ступеняў абароны. Але гэта і ня дзіва, таму што гэта дастаткова буйны намінал, будуць дадзеныя ступені абароны, натуральна, самыя сучасныя, каб адбіць у фальшываманэтчыкаў ахвоту падрабляць гэтыя грошы”.

Нацбанк абяцаў наладзіць напярэдадні выпуску 100-тысячнай банкноты прэзэнтацыю, як гэта робіцца ў многіх краінах.

А якія найбольш буйныя купюры ў суседніх краінах? У Літве – 200 літаў (прыкладна 75 даляраў), у Польшчы 200 злотых (60 даляраў), у Расеі – 1000 рублёў (крыху больш за 30 даляраў). Ёсьць банкнота ў 500 эўра, у 1000 даляраў. Але гэта не паказчык, лічыць прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Там таксама выпускаюць часам купюры і ў мільён даляраў, але гэта ўжо элемэнт такі для буржуяў, якія шмат грошай маюць і хочуць мець такую купюру. Гэта не для таго, каб выкарыстоўваць у разьліках. А ў нас буйная купюра – патрэбнасьць эканомікі, таму што вялікая інфляцыя”.

Зараз ў Беларусі ходзяць купюры ад 10 да 50 тысячаў рублёў. Самая буйная вартасьцю 50 тысяч была ўведзеная ў абарачэньне 20 сьнежня 2003 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG