Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 лютага 1838 году нарадзіўся Кастусь Каліноўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 2 лютага

2 лютага беларусы каталікі адзначаюць сьвята Грамніцаў або Стрэчаньня – дзень сустрэчы зімы зь летам. Лічыцца, што ў гэты дзень ужо можна пачуць грымоты і пабачыць навальніцу. Маўляў, прайшла палова зімы. Пра гэта сьведчыць і прыказка: “На Грамніцы палавіна зіміцы”.

2 лютага 1348 году пакінуў гэты сьвет Нарымунт, князь полацкі і пінскі, сын Вялікага князя Гедыміна, які ў хрышчэньні называўся Глебам. Нарымунта запрашалі княжыць у Ноўгарад. Цікава, што ягонай жонкай была дачка крымскага хана. А загінуў ён у баі супраць Тэўтонскага ордэна.

2 лютага 1494 году нарадзілася Бона Сфорца. Гэтае імя першае прыходзіць на розум, калі гаворка заходзіць пра жанчыну на пасадзе кіраўніка Беларусі. Была ў нашых продкаў такая каралева і вялікая княгіня, італьянка Бона Сфорца, якая ўвайшла ў гісторыю сваімі маштабнымі аграрнымі рэформамі.

2 лютага 1838 году нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстаньня 1863 году, нацыянальны герой Беларусі. У сакавіку 1864 году на загад расейскага генэрал-губэрнатара Мураўёва Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны ў Вільні і разам зь іншымі паўстанцамі пахаваны на тэрыторыі расейскага гарнізону, які мясьціўся на Замкавай гары, якую ў Беларусі многія ведаюць як гару Гедыміна. Перад апошняй вайной над магілай паўстанцаў стаяў помнік, але пасьля ён зьнік. І з таго часу месца апошняга прыстанку героя ўяўляе зь сябе брукаваны пляц безь ніякіх адзнакаў.

2 лютага 1882 году нарадзіўся Джэймс Джойс, слынны ірляндзкі пісьменьнік. Лічыцца, што ягоны раман “Уліс” не паддаецца перакладу на іншыя мовы. Тым ня менш, кожная літаратура імкнецца даказаць, што яна дастаткова сталая і перакладае “Уліса”. Ёсьць ён і па-беларуску ў перакладзе Яна Максімюка.

2 лютага 1934 году нарадзіўся грузінскі кінарэжысэр Атар Іяселіяні. Ягоныя фільмы мелі посьпех на самых прэстыжных кінафэстывалях сьвету. Гадоў 10 таму Іяселіяні зьехаў на захад у Францыю і сёньня працягвае там плённа працаваць.
XS
SM
MD
LG