Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка наведвае Лібан


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з афіцыйным візытам у Бэйруце, правёў перамовы з прэзыдэнтам Лібана Эмілем Лахудам у фармаце адзін на адзін. Чакаецца, што 3 лютага Лукашэнка і Лахуд правядуць яшчэ адну сустрэчу. Паводле лібанскага прэзыдэнта, абмеркаваны шырокі спэктар пытаньняў па супрацоўніцтву ў розных сфэрах і сытуацыя ў рэгіёне.

Лукашэнка заявіў у Бэйруце, што палітыка афіцыйнага Менска на Блізкім Усходзе заўсёды была стабільнай і нязьменнай. Ён таксама выказаў падзяку лібанскаму боку за падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне.

У часе сустрэчы з кіраўніком парлямэнта Набіхам Беры Лукашэнка падзякаваў за падтрымку лібанскага боку ў ААН, калі “пэўныя сілы спрабавалі працягнуць антыбеларускую рэзалюцыю”. Напярэдадні візыту Лукашэнкі лібанскія парлямэнтарыі ратыфікавалі два пагадненьні – аб супрацоўніцтве ў вайскова-тэхнічнай і навукова-тэхнічнай сфэрах. Кіраўнік парлямэнту таксама адзначыў, што Лібан рады працягу кантактаў з афіцыйным Менскам як у палітычнай так і ў эканамічнай сфэрах.

У часе сустрэчы з Лукашэнкам прэмьер-міністар Лібана Амар Карамэ таксама падзякаваў афіцыйнаму Менску за падтрымку на міжнароднай арэне. Ён адзначыў, што ведае ўсе нюансы гандлёва-эканамічнага партнэрства паміж краінамі.

Паводле “Інтэрфакса”, абодва бакі не задаволеныя цяперашнімі маштабамі гандлёва-эканамічных стасункаў. Аднак, з улікам агульнай вялікай дзяржаўнай запазычанасьці Лібана (а гэта каля 33 мільярдаў даляраў) Беларусь ня можа разьлічваць на крэдыты й інвэстыцыі з гэтай краіны. Як і чакалася, у Бэйруце падпісаны тры міжурадавыя пагадненьні – у сфэры турызма, аўтамабільных перавозак і барацьбе са злачыннасьцю.
XS
SM
MD
LG