Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыяна Чаркасава супраць прымусовага псыхіятрычнага дасьледаваньня яе ўнука


Любоў Лунёва, Менск Маці забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай Дыяна Чаркасава наведала намесьніка гарадзкога пракурора. Яна прасіла, каб ён адмяніў пастанову сьледчага Уладзіміра Чумачэнкі аб прымусовым дасьледаваньні яе ўнука ў псыхіятрычным шпіталі

15-гадовы сын Веранікі Чаркасавай, Антон Філімонаў, з’яўляецца адным з падазраваных у крымінальнай справе, заведзенай пасьля забойства журналісткі. Вераніку Чаркасаву зарэзалі раніцай 20 кастрычніка, калі яна зьбіралася на працу. Увечары айчым і сын знайшлі яе цела, калі прыйшлі ў кватэру. Яны самі выклікалі міліцыю і “хуткую дапамогу”. У выніку сьледчых дзеяньняў менавіта іх прызналі падазраванымі ў забойстве журналісткі. Гвалтоўная сьмерць маці і допыты ў якасьці патэнцыйнага забойцы выклікалі шок у Антона і ён трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Пасьля выпіскі хлопчык пачаў адаптоўвацца і нават хадзіць у школу. Але 1 лютага туды прыйшоў сьледчы Уладзімір Чумачэнка, каб забраць Антона на экспэртызу. Згодна з пастановай, хлопчыка мусяць шпіталізаваць прымусова.

Экспэрты павінны адказаць на некалькі пытаньняў, у прыватнасьці – ці не з’яўляецца ён псыхічна хворым, і, ці не схільны да забойства ва ўзрушаным стане. Бабуля Антона Дыяна Чаркасава пасьля размовы з намесьнікам пракурора паведаміла Радыё Свабода:

(Чаркасава:) “Увесь час падкрэсьліваюць, што гэта не прымусовая мера, а спосаб высьветліць ісьціну. Я казала, што кошт гэтай ісьціны – жыцьцё дзіцяці. Я, як магла, абараняла Антона. Яны мяне нават спыталі: “А вы не баіцеся, што бароніце забойцу сваёй дачкі?” І я ім адказала: “Не.” Мне толькі паабяцалі падумаць і прасілі не перашкаджаць правядзеньню экспэртызы і супакоіць журналістаў. У іх больш нікога няма падазраваных. Яны казалі, што гэта вельмі цяжкая справа, што яны патрацілі шмат сродкаў і сіл, але ніякай пэўнасьці ў іх няма. Да Антона ў іх ёсьць толькі адна прэтэнзія. Яны не называюць яго забойцам, але лічаць, што ён быў з імі няшчыры. І таму цяпер ім патрэбна месяць трымаць дзіця ў “псыхушцы”, каб высьветліць шчыры ён быў ці не.”

Сьледчы Уладзімір Чумачэнка патлумачыў Радыё Свабода, што адмяняць сваю пастанову на правядзеньне псыхіятрычнай экспэртызы не будзе:

(Чумачэнка:) “Канешне, кожны мае права на сваю думку. З іншага боку, яна ацэньвае гэтую сытуацыю так, а я гэтак. Я дзейнічаў у межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Я нічога не парушыў.”

Дыяна Чаркасава казала, што яе ўнук мае праблемы са здароўем і мусіць лячыцца ва ўралягічным аддзяленьні дзіцячага шпіталя. Яна паведаміла, што на намесьніка пракурора Старавойтава гэта не паўплывала. Заўтра, 3 лютага, сьледчыя могуць прыйсьці ў школу ці дадому да Антона і адвезьці яго ў псыхіятрычны шпіталь
XS
SM
MD
LG