Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы прапануюць пакінуць у FM-эфіры 37,5% якаснай беларускамоўнай музыкі


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты “Маладога фронту” распачалі збор подпісаў пад прапановай да Міністэрства інфармацыі ня колькасна, а якасна падыходзіць да запаўненьня FM-эфіру. Маладафронтаўцы прапануюць зьменшыць квоту беларускіх твораў з 75 да 37,5%, і такім чынам пакінуць у эфіры толькі якасныя беларускамоўныя кампазыцыі

Маладафронтаўцы распачалі збор подпісаў пад зваротам да міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча 2 лютага і за адзін дзень сабралі каля 100 подпісаў сваіх сяброў і знаёмых. Увечары 2 лютага 14 маладафронтаўцаў прынесьлі зварот і подпісы ў Міністэрства інфармацыі. Вось, што сказаў сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Мы жадаем, каб Міністэрства інфармацыі да запаўненьня FM-эфіру беларускіх радыёстанцыяў падыходзіла не з колькаснага боку, а з якаснага. А менавіта мы жадаем каб замест 75% расейскамоўнай папсы, якая мае беларускія карані й беларускае паходжаньне, гучала палова – 37,5% , але якаснай беларускамоўнай музыкі. То бок, крок Міністэрства інфармацыі, які быў распрацаваны разам з Міністэрствам культуры дзеля паляпшэньня моўнай сытуацыі ў Беларусі, на жаль, прыводзіць не да паляпшэньня гэтай, а толькі да пагаршэньня. FМ-станцыі стала слухаць немагчыма”.

У сваім звароце да міністра Русакевіча маладафронтаўцы таксама выказваюць занепакоенасьць тым, што існуе неафіцыйная забарона на гучаньне ў FM-эфіры асобных беларускамоўных выканаўцаў, якія не падтрымліваюць ідэалёгію беларускіх уладаў. На думку сябраў “Маладога фронту”, дзякуючы гэтай забароне эфір FM-радыёстанцыяў і запаўняецца беларускімі клёнамі расейскіх поп-выканаўцаў, і часам немагчыма адрозьніць калі гучыць беларуская музыка, а калі расейская. Аўтары звароту спадзяюцца, што міністар інфармацыі прыслухаецца да іх прапановы й перагледзіць квоту гучаньня беларускай музыкі ў эфіры. У адваротным выпадку яны абяцаюць праз некалькі тыдняў прынесьці ў Міністэрства інфармацыі тысячы подпісаў у падтрымку сваёй прапановы, ды ладзіць іншыя акцыі пратэсту.

У Міністэрстве інфармацыі маладафронтаўцам паабяцалі даць адказ на зварот цягам двух тыдняў. Нагадаю, што распараджэньне Міністэрства інфармацыі аб абавязковым напаўненьні FM-эфіру на 75% беларускай музыкай дзейнічае з 1 студзеня гэтага году.
XS
SM
MD
LG