Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд патрабуе абмежаваць выезд за мяжу старшыні гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Сяргею Мальчыку


Міхал Карневіч, Горадня Ленінскі раённы суд Горадні зьвярнуўся да ўпраўленьня ўнутраных справаў Гарадзенскай вобласьці з просьбай абмежаваць правы Сяргея Мальчыка, старшыні гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ “Адраджэньне”, на выезд за межы Беларусі

Судзьдзя Дземчанка, які падпісаў такое прадстаўленьне, матывуе сваю просьбу тым, што Сяргей Мальчык не заплаціў штраф дзяржаве на 1680 тысяч рублёў. У лістападзе мінулага году ён быў асуджаны Сьвіслацкім раённым судом за ўдзел у акцыі па ўскладаньню кветак да магілы Віктара Каліноўскага і помніка Кастусю Каліноўскаму. На спадара Мальчыка быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі і ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Цяпер судзьдзя Дземчанка скардзіцца міліцэйскаму начальству, што Мальчык ня мае ніякіх даходаў, маёмасьці, а таму не прадстаўляецца магчымым выпатрабаваць у яго штраф. У той самы час, піша судзьдзя, Сяргей Мальчык працягвае выяжджаць за межы краіны.

Сяргея Мальчыка, па-першае, абурыла тое, што прадстаўленьне судзьдзя даслаў ва ўпраўленьне ўнутраных справаў, не папярэдзіўшы яго. А па-другое, Мальчык лічыць, што за адно і тое ж правапарушэньне яго спрабуюць пакараць двойчы.
XS
SM
MD
LG