Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта пашыраныя магчымасьці выкарыстаньня зброі ўнутранымі войскамі?


Валер Каліноўскі, Менск “Белорусская деловая газета” апублікавала журналісцкае дасьледаваньне наконт умоваў прыняцьця і зьместу новага закону аб унутраных войсках. Гэтая сапраўды сэнсацыйная публікацыя выклікала значны розгалас у грамадзтве. З прадстаўнікамі дзейнага і былога складу парлямэнту на гэты конт гаварыў наш карэспандэнт.

Вольга Абрамава, дэпутатка былога і цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў пацьвердзіла, што зьмены ў закон аб унутраных войсках сапраўды прымаліся ў той момант, калі частка дэпутатаў, у тым ліку яна сама, былі ў адпачынку, як піша “БДГ”. Тое, што новы закон пашырае выпадкі прымяненьне ўнутранымі войскамі зброі і спэцсродкаў за кошт “іншых выпадкаў, якія вызначаюцца прэзыдэнтам Беларусі”, на думку спадарыні Абрамавай, вельмі небясьпечнае новаўвядзеньне.

(Абрамава: ) “Я ня думаю, што гэта паляпшае прававую сытуацыю ў самой Беларусі. Такога быць у прынцыпе не павінна”.

Вольга Абрамава засьведчыла сваю занепакоенасьць зьменамі ў законе аб унутраных войсках, і зазначыла, што дадаткова вывучыць сытуацыю і паспрабуе прапанаваць нейкае выйсьце, бо грамадзтва можа асудзіць уладу за падобныя зьмяненьні ў законе — нават без таго, калі б іх прымянілі на практыцы.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб быў адным з распрацоўшчыкам законаў аб міліцыі і ўнутраных войсках у першыя гады незалежнасьці Беларусі. Гэтыя законы абмяжоўвалі выкарыстаньне міліцыяй і ўнутранымі войскамі зброі і спэцсродкаў васьмю канкрэтнымі выпадкамі:

(Грыб: ) “Мы давалі магчымасьць супрацоўнікам органаў унутраных справаў абараняць сябе, грамадзянаў, грамадзкі парадак і з прымяненьнем зброі. Але ўсё гэта ясна дакладна было выкладзена ў гэтым законе. Усякае пашырэньне прымяненьня вогнестрэльнай зброі — гэта чарговая небясьпека для грамадзтва, падстава для будучага бязьмежжа”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што ўсё ж новы закон не адмяняе палажэньні аб непадпарадкаваньні службоўцаў унутраных войскаў злачынным загадам, пра што піша“Белорусская деловая газета”. Паводле Мечыслава Грыба, прэзыдэнт краіны згодна зь дзейнай Канстытуцыяй ня мае права на такія загады. Тым ня менш, выключаць такога разьвіцьця падзеяў нельга:

(Грыб: ) “Напрыклад, пойдуць людзі на мітынг, потым на шэсьце нейкае несанкцыянаванае, потым да рэзыдэнцыі. І будзе загад: агонь”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што гэтыя зьмены выкліканыя жаданьнем уладаў не дапусьціць у Беларусі паўтарэньня падзеяў, якія мінулай восеньню адбываліся ў Кіеве.
XS
SM
MD
LG