Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсочваць міграцыю беларускіх грамадзянаў за мяжу будуць участковыя міліцыянты


Алег Супрунюк, Берасьце Пра гэта было паведамлена падчас сэмінару ў Берасьці, які быў прысьвечаны супрацьдзеяньню і прадухіленьню гандлю людзьмі. Паводле афіцыйных зьвестак, летась было раскрыта каля 600 злачынстваў, якія зьвязаныя зь міграцыяй беларускіх грамадзянаў у іншыя краіны

Большая частка гэтых злачынстваў тычыцца жанчын, што зьехалі за мяжу, дзе іх выкарыстоўвалі дзеля сэксуальнай эксплюатацыі.

Між тым, ня менш сур’ёзныя наступствы мае і так званая працоўная міграцыя, зьвязаная з выездам беларускіх грамадзянаў у Расею. Вось што распавёў на сэмінары генэральны сакратар беларускага Чырвонага крыжу Антон Раманоўскі

(Раманоўскі: ) “Жах, што робіцца. Мы былі ў Віцебскай вобласьці, нам распавядаюць, як у трунах прывозяць нашых рабочых з Расеі. Яны робяць там тое, што не патрабуе кваліфікацыі. Пра іх лёс ніхто ня ведае. Наша амбасада ў Расеі недапрацоўвае гэтае пытаньне. Лепш, каб гэтым займаліся ўчастковыя міліцыянты. Яны мусяць ведаць, куды чалавек паехаў, каб пасьля паведаміць і выйсьці на тую фірму, дзе ён працуе”.

Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Васіль Статуеў заявіў, што адпаведнае рашэньне ўжо прынятае. Менавіта ўчастковыя міліцыянты будуць адсочваць міграцыю людзей, што едуць на заробкі альбо вучыцца за мяжу. Ужо летам 2005 году колькасьць участковых міліцыянтаў у беларускіх вёсках мусіць павялічыцца на 6 тысяч чалавек. Мяркуецца, што афіцыйна новы накірунак дзейнасьці міліцыянтаў будзе ўнесены ў адмысловы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, які цяпер распрацоўваецца.
XS
SM
MD
LG