Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінкавічах падаткавая інспэкцыя патрабуе тры мільёны рублёў ад актывісткі АГП


Казімір Яноўскі, Калінкавічы Сёньня ў Калінкавічах судзьдзя Галіна Загвозьдзіна разглядала пазоў падатковай інспэкцыі супраць актывісткі АГП, незарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Людмілы Краснасельскай

Калінкавіцкі суд з ініцыятывы падатковай інспэкцыі ўжо караў штрафам Людмілу Краснасельскую за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Было гэта мінулай восеньню, акурат за дзень да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Падставай для пакараньня сталі заявы супрацоўнікаў раённага Дома культуры наконт таго, што спадарыня Краснасельская прывозіла ім з Польшчы каўбасу ды паштэт на 214 тысячаў рублёў.

Гэтым разам раённая падатковая інспэкцыя патрабуе, каб суд абавязаў Людмілу Краснасельскую сплаціць у бюджэт блізу 3 мільёнаў рублёў падаходнага падатку.

Раённыя падаткоўцы пад кіраўніцтвам Паўла Есьмана падлічылі ўсё камунальныя плацяжы актывісткі АГП. Да іх прыплюсавалі інфармацыю з банкаў пра пакупку валюты ў розныя гады на імя спадарыні Краснасельскай. Такім чынам падаткоўцы прыйшлі да высновы, што Людміла Краснасельская атрымала ў 2003 годзе даход у памеры 15 мільёнаў рублёў. З гэтай сумы актывістка АГП і павінна сплаціць падатак.

(Краснасельская:) “Яны хочуць здушыць мяне да канца. Нічога іншага тут няма. Хочуць даказаць, што я такая-сякая, падрываю эканоміку Беларусі”

Прадстаўнік падатковай інспэкцыі Алег Буднік ня змог сёньня прадставіць суду пісьмовую інфармацыю з банкаў пра пакупку валюты на імя адказчыцы.

Суддзя Загвозьдзіна перанесла разгляд пазову падатковай інспэкцыі на 17 лютага.
XS
SM
MD
LG