Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністратыўнай камісіі ня ведалі, як пакараць за распаўсюд газэты “Время”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Намесьніца старшыні абласной арганізацыі АГП спадарыня Залеская была затрыманая за распаўсюд газэты “Время”, і адміністрацыйная камісія Кастрычніцкага раёну вырашыла зрабіць запыт у Міністэрства інфармацыі, каб высьветліць, ці ня ёсьць гэтае выданьне “палітычна шкодным”

Адміністрацыйная камісія Кастрычніцкага раёну мусіла сёньня разгледзець справу паводле факту затрыманьня старшыні абласной арганізацыі АГП Алены Залескай.

17-га студзеня Залеская пакінула некалькі паасобнікаў газэты “Время” у будынку раённага аддзяленьня аб”яднаньня “Ахова”, што было зафіксавана відэакамерай. Супрацоўнікі “Аховы” выклікалі міліцыю, каб высьветліць, што за выданьне распаўсюджвае іхняя наведніца. І хаця спадарыня Залеская даводзіла ў пастарунку, што газэта “Время” зарэгістраваная ды мае належныя выходныя дадзеныя, яе справу ўсё адно перадалі на разгляд у адміністрацыйную камісію.

Намесьніца старшыні камісіі, якая праводзіла сёньняшняе пасяджэньне, адмовілася выказаць сваё меркаваньне пра ўчынак затрыманай Алены Залескай і ўвогуле забараніла прысутным журналістам весьці дыктафонныя запісы.

(Іванковіч): -- Я намесьніца старшыні камісіі, Галіна Іванковіч, і я лічу, што тут няма чаго запісваць, бо ў нас ідзе звычайнае разьбіраньне.

Разьбіраньне тым часам так і не было завершана, бо намесьніца старшыні сказала, што ня ведае, як ставіцца да газэты “Время” і як суаднесьці яе распаўсюд з адміністрацыйным кодэксам, а таму будзе кансультавацца пра гэта ў Міністэрстве інфармацыі.

Алене Залескай было загадана зьявіцца праз два тыдні на чарговае пасяджэньне камісіі. А ўбачанае ды пачутае сёньня яна пракамэнтавала наступным чынам.

(Залеская: ) “Сябры камісіі ніводзін ня выказаў свайго меркаваньня. Старшыня ўвесь час жавала жуйку, і таму было вельмі цяжка разабраць, што яна гаворыць. А казала яна, што зусім некампэтэнтная ў гэтым пытаньні”.

Некампэтэнтнасьць намесьніцы старшыні камісіі зьдзівіла Алену Залескую яшчэ й з тае прычыны, што спадарыня Іванковіч ўзначальвае ў Кастрычніцкай раённай адміністрацыі адмысловы аддзел па арганізацыйнай, кадравай ды прававой працы. Што да астатніх сябраў камісіі, то яны, не чакаючы, пакуль высьветліцца, наколькі апазыцыйнай ёсьць газэта “Время”, паразьбіралі прапанаваныя спадарыняй Залескай паасобнікі, каб пачытаць іх дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG