Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць людзі на вуліцах пра “арабскі вэктар беларускай палітыкі”?


Альгерд Невяроўскі, Менск Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Лібане. Якія агульныя інтарэсы могуць быць паміж дзьвюма гэтымі краінамі? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт

(Карэспандэнт: ) “2 лютага Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візытам у Лібан. Скажыце, а што зьвязвае Беларусь і Лібан, якія агульныя інтарэсы?”

(Хлопец: ) “Ведаеце, нават і ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Ён кіраўнік дзяржавы, яму больш відаць. У яго пэрспэктывы, у яго пляны. Калі ён паехаў, значыць гэта патрэбна”.

(Спадар: ) “Па-першае, пашыраюцца ўзаемаадносіны паміж краінамі. Што будзе наперадзе — пабачым. Кантакт павінен быць”.

(Спадар: ) “Я думаю, у першую чаргу эканамічныя адносіны. Экспарт, што можа спажыць Лібан. У асноўным нашыя кіраўнікі сёньня на гэта і арыентуюць сябе. Кожны год адбываецца нарада дыпляматаў у Акадэміі кіраваньня. На апошняй нарадзе была пастаўленая дакладная задача — амбасадарам пераарыентавацца на пераважна эканамічныя адносіны. Прабіваць дарогу нашым прадпрыемствам, каб мы маглі выйсьці на міжнародны рынак”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, нафта можа быць, магчыма, энэрганосьбіты”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, але думаю, што Беларусь можа мець эканамічныя інтарэсы. Зь любой краінай сьвету ў нас знойдзецца чым гандляваць”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што нашай краіне трэба пашыраць свае міжнародныя сувязі зь іншымі краінамі. Лічу, што гэта добрая рыса нашай краіны”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, агульначалавечыя каштоўнасьці. Людзі паўсюль людзі, і яны ў стане зразумець адзін аднаго, калі яны гэтага хочуць”.

(Хлопец: ) “Напэўна, футбол альбо хакей. Нават ня ведаю. Напэўна, усё ж хакей”.

(Спадар: ) “Лібан, наколькі я ведаю, гэта недзе ў Афрыцы, а мы беларусы. І ў нас намнога бліжэйшыя ёсьць суседзі, зь якімі прасьцей усталёўваць узаемныя, сяброўскія сувязі, чым з гэтым далёкім Лібанам. Я ў прынцыпе ня бачу ніякай неабходнасьці туды езьдзіць”.

(Хлопец: ) “Відаць, агульныя некаторыя вэктары замежнай палітыкі”.

Альгерд Невяроўскі, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG