Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ зацікавілася лёсам Міхаіла Марыніча


Уладзімер Глод, Менск Другі дзень знаходжаньня ў Менску групы Уты Цапф пачаўся сустрэчай з адвакатамі Міхаіла Марыніча — Верай Страмкоўскай і Валянцінай Шыханцовай

Цяперашні візыт адмысловай групы пад кіраўніцтвам спадарыні Цапф у Беларусь ужо сёмы. Зразумела, што за гэты час Ута Цапф асабіста пазнаёмілася са многімі асобамі. Ды паводле структуры такія паездкі мала чым адрозьніваюцца, пра што і гаворыць кіраўніца групы:

(Цапф: ) “Мы сустракаемся з тымі ж людзьмі: ад грамадзянскай супольнасьці, апазыцыйных палітычных партыяў, парлямэнтарамі з Нацыянальнага сходу і гэтак далей”.

Аднак нядаўні прысуд Міхаілу Марынічу ўнёс у звычайны графік свае карэктывы. Тым больш, што новы сябра адмысловай групы — парлямэнтар з Вугоршчыны Гарбар Гарс асабіста добра ведае спадара Марыніча. У свой час ён працаваў гандлёвым аташэ дыпляматычнай місіі Вугоршчыны ў Беларусі, а калі цяперашні вязень працаваў амабасадарам у Чэхіі, яны час ад часу сустракаліся і ў Будапэшце. Размова з адвакатамі праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Пасьля яе заканчэньня Вера Страмкоўская адзначыла, што гэтая сустрэча — яшчэ адзін доказ на карысьць таго, што міжнародная супольнасьць неабыякавая да лёсу Міхаіла Марыніча:

(Страмкоўская: ) “Сёньня Ута Цапф і сябры адмысловай групы цікавіліся станам здароўя Міхаіла Марыніча, станам ягонай справы, як гэта ўсё будзе разглядацца надалей, якім будзе працэс, якая магчымасьць ёсьць зьмяненьня прысуду, хто можа на гэта ўплываць, як мы, абаронцы, лічым, ці існуе наагул магчымасьць таго, каб гэты прысуд быў скасаваны. Я лічу, што гэтая размова ёсьць падтрымкай самаго Міхаіла Марыніча, ягоных блізкіх, усіх, хто ўдзельнічае ў ягонай абароне”.
XS
SM
MD
LG