Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста АГП правярае пракуратура за тое, што назваў указы Лукашэнкі “неразумнымі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сьледчыя падазраюць, што актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Цынкевіч навёў паклёп на Аляксандра Лукашэнку, калі скрытыкаваў указы кіраўніка дзяржавы ў сваёй перадвыбарчай улётцы.

Кіраўніка ліквідаванага ўладамі аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандра Цынкевіча выклікалі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску для тлумачэньняў. Гэтак спадару Цынкевічу адгукнулася восеньская выбарчая кампанія ў парлямэнт. У сваёй праграме актывіст АГП называў некаторыя ўказы А.Лукашэнкі “неразумнымі “ і абяцаў змагацца за іх адмену. Летась у кастрычніку раённая выбарчая камісія адмяніла рэгістрацыю Цынкевіча ў якасьці кандыдата, а цяпер ім занялася і пракуратура.

(Цынкевіч: ) “Мне кажуць, што ў калі ў вашай улётцы напісана, што вы будзеце супраць неразумных указаў і дэкрэтаў, а ў нас ўсім вядома, што дэкрэты і ўказы падпісвае прэзыдэнт Беларусі, значыць вы яго зьневажаеце і наводзіце на яго паклёп”.

Гэтыя прэтэнзіі Аляксандар Цынкевіч называе абсурднымі й незаконнымі. Паводле яго, “гэтак можна прычапіцца да любых крытычных выказваньняў у бок уладаў”. У пракуратуры апазыцыянэр адмовіўся даваць тлумачэньні сьледчым. Ён кажа, што не давярае пракуратуры, якая, на ягоную думку, не абараняе закону і правоў грамадзянаў. Аляксандар Цынкевіч не выключае, што, каб запалохаць і стрымаць ягоную апазыцыйную дзейнасьць, яму могуць абвясьціць папярэджаньне.

Папярэджаньне пракуратуры ўжо атрымала актывістка АГП Марына Багдановіч, якая падчас перадвыбарчай кампаніі жорстка крытыкавала ўлады Беларусі. У паклёпе на Аляксандра Лукашэнку сьледчыя пракуратуры падазраюць і вядомага праваабаронцу Алега Воўчака. Ён таксама быў зьняты зь перадвыбарчай гонкі пасьля крытыкі дзейнай улады, а потым адносна яго пачалася пракурорская праверка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG