Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалося паседжаньне рабочай групы ў пытаньнях Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск Кіраўніца групы дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф разам з кіраўніком менскага офісу АБСЭ амбасадарам Эбэргардам Гайкенам прыляцелі адным авіярэйсам зь Нямеччыны. Праз гадзіну да іх далучыліся два сябры групы — брытанскі дэпутат лорд Фрэд Понсанбі ды парлямэнтар з Вугоршчыны Гарбар Гарс.

Напярэдадні свайго прылёту ў Менск спадарыня Цапф нагадала, што яе апошні візыт у Беларусь адбыўся летам 2004 году. Пасьля гэтага ў краіне адбыўся рэфэрэндум, прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў, зьмяніўся склад Савету Рэспублікі. Таму зьявілася неабходнасьць пазнаёміцца з новым складам Нацыянальнага сходу, адзначыла Ута Цапф:

(Цапф: ) “Мы хочам сустрэцца з новым складам беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі, абмеркаваць і параіцца, як нам лепш правесьці сэрыю адкрытых сэмінараў для розных асобаў, а ня толькі для парлямэнтароў. Пра гэта мы дамаўляліся ў Эдынбургу”.

Падчас сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на пачатку ліпеня мінулага году ў Эдынбургу спэцыяльная рабочая група і дэлегацыя беларускіх парлямэнтароў у асамблеі падпісалі сумесную дамову. Гэты дакумэнт, пад якім паставілі подпісы Ута Цапф і Міхаіл Арда, перадусім зьмяшчаў абавязаньні беларускага боку спрыяць правядзеньню леташніх выбараў у Нацыянальны сход згодна з эўрапейскімі дэмакратычнымі стандартамі. Тады ж бакі абмяркоўвалі магчымасьць правядзеньня ў Беларусі сэмінараў пад эгідай АБСЭ. Як лічаць прадстаўнікі беларускай апазыцыі, афіцыйны парлямэнт Беларусі сваіх абавязкаў наконт выбараў не выканаў. А вось што да сэмінараў, то група Цапф прапануе ўвесну правесьці абмеркаваньне палітычнага становішча ў Беларусі, эканамічнага разьвіцьця краіны і магчымасьцяў інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць.

Некаторыя беларускія палітыкі даволі скептычна ставяцца ня толькі да гэтай прапановы, але і наагул да дзейнасьці групы Цапф. Так, першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк, які ўваходзіў у склад дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ў ПА АБСЭ, назваў паездкі адмысловай групы “палітычным турызмам”:

(Нісьцюк: ) “Гэтыя візыты не ідуць на карысьць беларускай дэмакратыі. Кожны такі прыезд расслабляе беларускую палітычную апазыцыю і ўзмацняе беларускую палітычную ўладу. Гэта адбываецца таму, што спроба стаць арбітрам паміж уладай і апазыцыяй ніяк ня можа завяршыцца вынікова. Усё гэта пачыналася з 1999 году, яшчэ пад эгідай Адрыяна Сэвэрына, калі спрабавалі пасадзіць за адзін стол апазыцыю і ўладу. Цяпер наагул пра гэта ўжо не гавораць. Размова ідзе пра нейкі дэкаратыўны ўдзел у нашых праблемах, пра нейкае дэкаратыўнае вывучэньне сытуацыі, пра нейкія дэкаратыўныя крокі”.

У сёньняшняй праграме візыту эўрапейскіх парлямэнтароў — сустрэчы з замежнымі дыпляматамі, акрэдытаванымі ў Беларусі, зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым і прадстаўнікамі няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG