Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе замежная палітыка ЗША?


Юры Дракахруст, Прага Міжнародныя мэдыі працягваюць абмяркоўваць, якой будзе і якой павінна быць амэрыканская замежная палітыка ў наступныя 4 гады праўленьня Джорджа Буша. Мы прапануем вашай увазе дзьве ацэнкі – артыкул кіраўніка нью-ёрскага дасьледнага цэнтра “Eurasia group” Яна Брэмэра, надрукаваны ў International Herald Tribune, і камэнтар рэдактара часопісу Newsweek Фарыда Закарыя.

Ян Брэмэр піша, што Джордж Буш у сваёй інаўгурацыйнай прамове ня спраўдзіў чаканьні тых, хто меркаваў, што пераабраны прэзыдэнт ЗША з улікам ірацкага досьведу абвесьціць больш стрыманы замежнапалітычны курс. Але спадар Буш, а таксама новая дзяржсакратар Кандаліза Райс у сваіх прамовах намалявалі пэрспэктыву больш наступальнай і шмат у чым рэвалюцыйнай ролі ЗША ва ўсясьветных справах.

“Адміністрацыя ЗША зараз пашырыла фокус вайны з тэрарызмам, пайшла ад “восі зла” да таго, што было б правільным назваць “восьсю тыраніі”, – мяркуе Ян Брэмэр. Ён прыгадвае сьпіс краінаў, названых Кандалізай Райс “аплотамі тыраніі” – гэта Паўночная Карэя, Іран, Куба, Беларусь, Бірма і Зімбабвэ.

Аўтар газэты піша, што шэраг крытыкаў пасьпяшаліся папракнуць адміністрацыю Буша ў цынічнай непасьлядоўнасьці. Іран ёсьць адной з самых плюралістычных краінаў на Блізкім Усходзе, чаго нельга сказаць пра бліжэйшага саюзьніка Злучаных Штатаў – Савудаўскую Арабію. Іншыя дэспатычныя саюзьнікі ЗША ў вайне з тэрорам – Пакістан і Ўзбэкістан у сьпіс “аплотаў тыраніі” таксама не патрапілі – піша Ян Брэмэр. Чаму?

Аўтар International Herald Tribune прапануе свой адказ. Паводле яго, мэта каманды Буша ня ў тым, каб гэтае пасланьне атрымалі, прынамсі, у Беларусі ці ў Бірме, а каб яго атрымалі ў Расеі і Кітаі. Ян Брэмэр лічыць, што ўключэньне ў сьпіс Беларусі скіравана выключана на расейскага прэзыдэнта Пуціна, які ў апошні час выказваў нязгоду з амэрыканскай палітыкай ва Ўкраіне і ў Грузіі.

“Туркмэністан, магчыма, зьяўляецца больш жахлівым парушальнікам правоў чалавека, чым Беларусь, але ён палітычна ізаляваны і таму яго ўключэньне ў сьпіс тыраніяў не было б дастаткова празрыстай дэманстрацыяй намеру Вашынгтону дамагацца дэмакратызацыі ў тых рэгіёнах, якія іншыя дзяржавы лічаць сваёй сфэрай уплыву”, – мяркуе Ян Брэмэр.

Паводле яго, згадка Бірмы скіраваная выключна на Кітай, які падтрымлівае рэпрэсіі ў гэтай краіне ў абмен на ўплыў у бірманскай эканоміцы. Брэмэр зьвяртае ўвагу і на нядаўнюю рэзкую крытыку дзярждэпартамэнтам парушэньняў правоў чалавека ў Кітаі. Раней адміністрацыя Буша лічыла, што ўнутраная сытуацыя ў КНР менш закранае амэрыканскія інтарэсы.

Рэдактар і аглядальнік Newsweek Фарыд Закарыя ацэньвае новую замежную палітыку ЗША больш крытычна. У сваім камэнтары, азагалоўленым “Высокія надзеі і грубыя факты”, ён піша, што словы і рэчаіснасьць заўсёды разыходзяцца, але ў дадзеным выпадку гэта проста ўражвае. “Пад кіраўніцтвам Пуціна адбываецца самы радыкальны ў сьвеце адыход ад дэмакратыі, а Буш назвае яго сваім сябрам, Савудаўская Арабія паводле ацэнкі “Freedom House” ўваходзіць у васьмёрку самых рэпрэсіўных рэжымаў сьвету, а Буш прымае на сваім ранча арабійскага насьледнага прынца, прэзыдэнт ЗША сустракаецца з узбэцкім дыктатарам Карымавым, рэжым якога значна больш рэпрэсіўны, чым, скажам, іранскі”, – піша Фарыд Закарыя. Ён падкрэсьлівае, што зусім ня лічыць, што прэзыдэнту ЗША варта было б ўжыць сілу, парваць адносіны ці хаця б асудзіць гэтых лідэраў. Закарыя адзначае, што ва ўсіх гэтых выпадках мае месца канфлікт, супярэчнасьць паміж ідэаламі і інтарэсамі Злучаных Штатаў, але прэзыдэнт Буш не прызнае гэтай супярэчнасьці.

На думку Закарыя, адзіны рэгіён, дзе ў прэзыдэнта ёсьць падставы казаць пра супадзеньне ідэалаў і інтарэсаў – гэта Блізкі Ўсход. Аднак і тут рэдактар Newsweek бачыць праблемы, адзначаючы, што кароль Ярданіі, атрымаўшы трон у спадчыну – куды больш лібэральны і прагрэсіўны кіраўнік, чым большасьць абраных дэмакратаў, якія ёсьць зацятымі рэакцыянэрамі.

Фарыд Закарыя мяркуе, што шмат для якіх краінаў сьвету праблема не ў адсутнасьці імкненьня да дэмакратыі, а ў здольнасьці падтрымліваць стабільную і годную сыстэму кіраваньня. Ён прыгадвае досьвед Пакістану, дзе дэмакратычная дзяржава была ўсталяваная ў 1947 годзе, але з прычыны эканамічных і палітычных праблемаў краіна неаднойчы прыходзіла да дыктатуры. Закарыя нагадвае, што цяперашняя стабілізацыя Пакістана, якую нядаўна канстатавала Кандаліза Райс, адбываецца пад кіраўніцтвам ваеннай дыктатуры.

“ Любы чалавек у любой краіне аддаў бы перавагу таму, каб самому вызначаць свой лёс. Але гэтая магчымасьць мала чаго вартая, калі пад пагрозай знаходзіцца элемэнтарны парадак – першая ўмова існаваньня цывілізаванага грамадзтва” – піша рэдактар Newsweek. Ён цытуе аднаго з бацькоў амэрыканскай дэмакратыі Джэймса Мэдзісана , які пісаў, што спачатку трэба даць ўраду магчымасьць стрымліваць сваіх грамадзян, а потым абавязаць урад стрымліваць самога сябе. Пра гэта нам было б варта памятаць у Іраку – піша рэдактар Newsweek Фарыд Закарыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG