Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны спэцыяліст упраўленьня электрасувязі Мінсувязі: “Заблякаваць сайт тэхнічна вельмі проста”


Любоў Лунёва, Менск Дзяржаўнае аб’яднаньне “Белтэлекам” згодна з загадам Міністэрства сувязі заблякавала выхад на тры зарэгістраваныя ў Расеі сайты сэксуальных меншасьцяў. У Міністэрстве тлумачаць гэта тым, што гэтыя сайты ўтрымлівалі здымкі парнаграфічнага зьместу.

Галоўны спэцыяліст упраўленьня электрасувязі Міністэрства сувязі Андрэй Сабораў паведаміў Радыё “Свабода”, што сайты заблякавалі згодна з заключэньнем экспэртнай камісіі. Ён патлумачыў, што ў камісію пры Міністэрстве культуры зьвярнулася маці аднаго падлетка са скаргай на тое, што яе сын разам са сваімі сябрамі ў інтэрнэт-кавярні меў бескантрольны доступ на гей-парнасайты. Пасьля таго, як экспэртная камісія пастанавіла, што сайты насамрэч зьяўляюцца парнаграфічнымі, іх заблякавалі. Андрэй Сабораў заявіў Радыё Свабода:

(Сабораў: ) “Папросту ў дадзеным выпадку ў нас ёсьць экспэртнае заключэньне, што менавіта гэтыя тры сайты зьяўляюцца парнаграфічнымі. Што тычыцца іншых парнасайтаў, то, калі нехта зьвернецца ў камісію прааналізаваць іх дзейнасьць і атрымае заключэньне, то мы таксама будзем рэкамэндаваць “Белтэлекаму” іх закрыць. Мы тэхнічныя спэцыялісты. Мы сочым за тым, каб на заблякаваныя сайты ніхто ня мог увайсьці. Заблякаваць сайт тэхнічна вельмі проста. Інтэрнэт-кавярні самі фільтруюць каля тысячы розных сайтаў, бо нясуць адміністрацыйную адказнасьць. Яны складаюць так званыя блёк-лісты. Былі прэцэдэнты, калі чалавек скардзіўся на тое, што заплаціў грошы і ня можа адкрыць той ці іншы сайт. Але асноўнае, што ў нас ёсьць экспэртная камісія, якая прымае рашэньні”.

Як паставіліся прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў да закрыцьця гей-сайтаў? Старшыня Лігі сэксуальных меншасьцяў Эдвард Тарлецкі так адказаў на гэтае пытаньне:

(Тарлецкі: ) “Трэба выказаць шкадаваньне адносна тых людзей, якія дзякуючы гэтым сайтам спрабавалі знайсьці сабе пару. З другога боку, менавіта гэтыя сайты, доступ да якіх забаронены, яны сапраўды зьмяшчалі і зьмяшчаюць у сабе элементы парнаграфіі, распаўсюд якой у нашай краіне забаронены”.

У Лігі сэксуальных меншасьцяў раней былі аналягічныя праблемы з сайтам, але знайшлося выйсьце. Гаворыць Эдвард Тарлецкі:

(Тарлецкі: ) “Доступ да нашага сайту закрываўся ў шэрагу інтэрнэт-кавярняў. Такая кампанія як “Рэд графікс” адмовіла ў праве сайту ўдзельнічаць у банэрных абменах, на падставе таго, што наш сайт зьяўляецца парнаграфічным. З уласнай ініцыятывы мы сапраўды прыбралі нейкія візуальныя матэрыялы, хаця тут у Беларусі незразумела, што зьяўляецца парнаграфіяй, а што эротыкай — ніхто ня можа растлумачыць гэтай мяжы. Пасьля таго, як экспэртная камісія зрабіла адпаведнае заключэньне, сайт “Apogay” зьяўляецца даступным у Беларусі і за яе межамі”.

Такім чынам высьветлілася, што Мінінфармацыі можа закрываць доступ да непажаданых сайтаў. Аднак калі Саюз габрэйскіх грамадаў і арганізацыяў зьвяртаўся ў пракуратуру, Міністэрства інфармацыі з патрабаваньнем, каб зачынілі правакацыйны сайт, у якім ад імя габрэяў былі абразьлівыя выразы супраць славянаў і нават заклікі фізычна зьнішчаць іх як нацыю, то прыходзілі адказы, у якіх спасылаліся на тэхнічную немажлівасьць альбо на тое, што інтэрнэт не зьяўляецца СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG