Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На міжнародным конкурсе “Эўрабачаньне-2005” Беларусь будзе прадстаўляць жыхарка Расеі Анжаліка Агурбаш


Валянціна Аксак, Менск Такое рашэньне, якое ўвечары 31 студзеня прыняло журы Нацыянальнальнага аргкамітэту конкурсу, не зьдзівіла незалежных крытыкаў. Яны называюць гэтае рашэньне не прафэсійным, а ідэалягічным, ад якога церпіць паразу нацыянальная культура і міжнародны прэстыж краіны.

Трох фіналістаў, адзін зь якіх урэшце паедзе ў Кіеў на сёлетні конкурс “Эўрабачаньня”, як і летась, вызначалі тэлегледачы шляхам тэлефоннага галасаваньня пасьля паказу тэлевэрсіі канцэрту ўсіх прэтэндэнтаў. Найбольшую колькасьць галасоў набралі Паліна Смолава, якую актыўна раскручваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, гадаванка Нацыянальнага канцэртнага аркестру Міхаіла Фінберга Натальля Тамела і былая салістка ансамблю “Верасы” Ліка Ялінская, якая пасьля шлюбу з расейскім бізнэсоўцам памяняла краіну жыхарства і прозьвішча, стаўшы Анжалікай Агурбаш.

Вось як патлумачыў выбар журы кіраўнік ансамблю “Сябры” Анатоль Ярмоленка:

(Ярмоленка: ) “Я аддаў перавагу Ліцы, таму што і вобраз быў больш закончаны, і выглядала яна больш гатовай да гэтага конкурсу”.

Тое, што Анжаліка Агурбаш цяпер жыве ў Маскве і актыўна ўлілася ў шэрагі расейскае эстрады, не засмуціла сябраў журы. Гаворыць Анатоль Ярмоленка:

(Ярмоленка: ) “А тое, што яна не грамадзянка, я нават ня ведаю… Для мяне яна Ліка, так, як і была. А за каго яна яшчэ выйдзе замуж, хто яго ведае! (Сьмяецца.)”.

А вось што сказала нашаму радыё пра грамадзянства прадстаўніцы Беларусі на міжнародным конкурсе яе дырэктарка Вольга Смаляк:

(Смаляк: ) “У яе атрымліваецца падвойнае грамадзянства: і расейскае і беларускае”.

(Карэспандэнтка: ) “Але паводле беларускага заканадаўства нельга мець падвойнае грамадзянства?..”

(Смаляк: ) “Ёсьць выключэньні. Вы ж не забывайцеся, што Ліка ў пасольстве Беларусі ў Маскве выконвае функцыі дарадцы па культуры. Таму ў выглядзе выключэньня некаму і робяць такое”.

Спадарыня Смаляк паведаміла, што сёньня яна абвясьціла конкурс сярод мадэльераў на лепшыя канцэртныя ўборы для Анжалікі Агурбаш, а вядомы беларускі кампазытар Васіль Раінчык з камандаў прафэсіяналаў распачаў падрыхтоўку творчае праграмы канкурсанткі.

Незалежныя музычныя крытыкі ўспрынялі навіну пра рашэньне журы паслаць на “Эўрабачаньне-2005”Анжаліку Агурбаш без энтузіязму. Гаворыць музычны аглядальнік газэты “Наша Ніва” Сяргей Будкін:

(Будкін: ) “Гэта чарговы кпін зь беларускай музычнай культуры, я так лічу, бо Агурбаш ня ёсьць прадстаўніком гэтай культуры. Беларускія чыноўнікі ад культуры ўжо робяць трэцюю памылку ў дачыненьні да гэтага конкурсу. Калі падыходзіць да “Эўрабачаньня” сур’ёзна, то я мяркую, што трэба ўсё-такі ставіць на фольк-выканаўцаў ці рабіць поп-праект, які грунтаваўся б на беларускіх традыцыях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG