Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская кампанія “Пара” прыпыніла існаваньне і стварае міжнародны цэнтар падтрымкі дэмакратыі


Паўло Зубюк, Кіеў Грамадзкая кампанія “Пара”, якая нямала зрабіла для перамогі памаранчавае рэвалюцыі ва Ўкраіне, абвясьціла пра прыпыненьне свайго існаваньня. Але гэта ня значыць, што ідэя “Пары” памерла, лічыць адзін з каардынатараў кампаніі Яўген Залатароў.

(Залатароў: ) “Як шырокі грамадзкі рух кампанія “Пара” спыніла цяпер сваё існаваньне. Будучыня “Пары” — гэта і палітычная партыя і цэлая сыстэма грамадзкіх арганізацыяў, гэта і Міжнародны цэнтар падтрымкі дэмакратыі на постсавецкай прасторы, магчыма, і іншыя формы, напрыклад ёсьць ініцыятывы стварэньня прафсаюзаў”.

Міжнародны цэнтар падтрымкі дэмакратыі будзе аналізаваць сытуацыю ў постсавецкіх краінах і рабіць прапановы для дэмакратычных сілаў гэтых краінаў. І ў першую чаргу патрэбна зьвярнуць увагу на Беларусь, лічыць спадар Яўген.

(Залатароў: ) “Ня трэба ўспрымаць яго як “цэнтар экспарту памаранчавае рэвалюцыі”, бо насамрэч сытуацыя не зьяўляецца такой простай. Але няма сумневу, што менавіта Беларусь будзе адным з аб’ектаў і суб’ектаў гэтага цэнтру”.

Паводле спадара Залатарова, штаб-кватэра цэнтру будзе знаходзіцца ў Кіеве, але ў ягоны склад увойдуць ня толькі прадстаўнікі “Пары” і ўкраінскія дзеячы, але і міжнародныя дзеячы — такія як Лех Валэнса і Вацлаў Гавэл. Яны будуць сябрамі назіральнае рады цэнтру.
XS
SM
MD
LG