Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік грамадзкай арганізацыі са Слоніму судзіцца зь першым каналам БТ


Альгерд Невяроўскі, Менск Суд Першамайскага раёну Менску пачаў разглядаць пазоў кіраўніка грамадзкай арганізацыі “Воля да разьвіцьця” са Слоніму Міхася Варанца да Беларускага тэлебачаньня. Спадар Варанец патрабуе, каб БТ абвергла распаўсюджаныя ім непраўдзівыя зьвесткі пра яго і арганізацыю, якую ён узначальвае.

16 сакавіка 2004 году ў праграме БТ “Панарама” быў паказаны сюжэт гарадзенскага журналіста Мікалая Мэльнічэнкі пра тое, што Міхась Варанец ухіляецца ад уплаты падаткаў з гранту, атрыманага арганізацыяй “Воля да разьвіцьця” па праграме Эўрапейскага зьвязу TAСIS. У прыватнасьці, у сюжэце сьцьвярджалася, што Міхась Варанец на грошы Эўразьвязу, выдаткаваныя на падтрымку падлеткавага цэнтру “Сьвятліца”, арганізаваў фінансаваньне апазыцыі. І, маўляў, толькі слонімская інспэкцыя па падатках і зборах спыніла дзейнасьць “гора-прадпрымальніка” Варанца, арыштаваўшы маёмасьць грамадзкай арганізацыі і аштрафаўшы яе старшыню на 34 мільёны рублёў.

Міхась Варанец сьцьвярджае, што падатковая інспэкцыя хацела спагнаць зь яго ня 34, а трохі больш за 14 мільёнаў рублёў, бо ўся сума гранту TAСIS складае толькі 25 мільёнаў. Пры гэтым ён абскардзіў рашэньне слонімскіх падаткавікоў у Гаспадарчым судзе Гарадзенскай вобласьці, і суд ягоную скаргу задаволіў, бо паводле дамоўленасьці ўраду Беларусі з Эўрапейскай камісіяй, гранты праграмы TAСIS не абкладаюцца падаткам. Міхась Варанец патрабаваў, каб БТ абвергла непраўдзівыя зьвесткі, бо ён ніколі не фінансаваў апазыцыю і не займаўся прадпрымальніцтвам, але кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі абвяргаць гэта адмовілася.

Тады спадар Варанец зьвярнуўся з пазовам аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі ў суд. Юрыст БТ Андрэй Іваноў даводзіў судзьдзі Лідзіі Цяліцы, што карэспандэнт у сваім сюжэце не абражаў Міхася Варанца. Спадар Іваноў не прызнае пазову:

(Іваноў: ) “Тая інфармацыя, што была агучаная 16 сакавіка, была атрыманая ад службовых асобаў. І падзея з Варанцом мела месца 16-га”.

А сьцьвярджэньне пра тое, што Міхась Варанец нібыта фінансаваў апазыцыю, юрыст БТ назваў асабістай думкай журналіста. Міхась Варанец задаволены ходам працэсу:

(Варанец: ) “У цэлым я задаволены, што працэс ідзе. Я лічу, што людзі, якія дапусьцілі выдумкі, павінны несьці хаця б маральную адказнасьць”.

Рашэньне ў гэтай справе хутчэй за ўсё будзе вынесенае 7 лютага.
XS
SM
MD
LG