Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадзейкі


Ягор Маёрчык, Мадзейкі, Зэльвенскі раён Гарадзеншчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

На пытаньне, дзе можна знайсьці Івана Цімафейчыка, спадарыня пацікавілася, зь якой я арганізацыі ці камісіі. “Зь ніякай”, — адказаў я. Тады кабеціна супакоілася і патлумачыла: “Да Цімафейчыка звычайна прыяжджаюць, каб праверыць ягоныя скаргі”.

(Спадарыня: ) “Ён нам жыцьця не дае! Ён да ўсяго чапляецца. Нават да слупа прычапіцца можа. Мой сын прывёз мне радыётэлефон. Кажа: “Маці, будзеш у хляву, я патэлефаную — і ты зможаш размаўляць”. А пасьля мне тэлефануюць зь міліцыі: “Гэта ваш тэлефон?” — “Мой. А ў чым справа? Нібыта я нідзе не правінілася”. — Аказваецца, з майго тэлефона пагражалі ягонаму жыцьцю. Я ім і кажу: “Гэта справа ўласна Цімафейчыка! Мне 70 гадоў — і я буду пагражаць ягонаму жыцьцю?!” Нам падключалі ацяпленьне, бо мы ня можам аплаціць 110 тысяч. А пэнсіянэру яшчэ трэба і за тэлефон аддаць, за сьвятло, за газ. А ён патрабуе, каб мы печкі параскідалі. Ён да ўсяго чапляецца. Радзі Бога, не кажыце нічога яму! Мне тады жыцьця ня будзе”.

Шчыра кажучы, ў Мадзейкі я завітаў перадусім дзеля таго, каб сустрэцца з Іванам Цімафейчыкам. Колішні настаўнік, інвалід 2-й групы ажно на некалькі раёнаў Гарадзенскай вобласьці займеў славу праўдашукальніка, аматара напісаньня скаргаў і сваротаў у суд. Размову я пачаў са згадкі пра адключанае ацяпленьне.

(Цімафейчык: ) “У мяне халодныя батарэі. Тэмпэратура ў маёй кватэры — блізу 10 градусаў, вільготнасьць больш за 90%. Як жыць у такіх умовах? Пад выглядам капітальнага рамонту дому перавялі яго на пячное ацяпленьне. Нельга так рабіць, бо ён не разьлічаны на гэта. Яны ставяць пытаньне аб адключэньні дому ад сыстэмы цэнтральнага ацяпленьня. А я падымаю пытаньне, што адключаць нельга. У сутарэньнях, дзе знаходзяцца камунікацыі, увесь час стаіць вада. А ўзімку там усё можа перамёрзнуць. Магчыма, людзі, чагосьці не разумеюць. Двух-, тропакаёвыя кватэры адной печкай абагрэць немагчыма. Я для начальства чалавек нязручны. Я ім нічога ня шкоджу. Наадварот, я ім дапамагаю. Прыехаў да нас старшыня райвыканкаму. Я яму параіў не будаваць новага палацу, а засяліцца ў колішні старшынскі маёнтак. Не, збудаваў новы. Вось так я аказаўся нязручным для яго. А калі нязручны для старшыні райвыканкаму, нязручны і для іншага начальства больш меншага”.

(Карэспандэнт: ) “Іван Міхайлавіч, а нейкім чынам вы свае правы абараняеце?”

(Цімафейчык: ) “Я зьвяртаўся ў суды. Дзесьці на трох працэсах я перамог. Але перагамагаць вельмі цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Як да вашых дзеяньняў ставяцца аднавяскоўцы?”

(Цімафейчык: ) “Варожа. Колькі разоў прыходзілася па гэтым пытаньні зьвяртацца ў міліцыю. Некаторыя настроеныя вельмі агрэсіўна. Я раённаму кіраўніцтву праўду гаварыў. А чалавечая псыхалёгія такая: калі ён скажа супраць мяне, гэта заўважыць начальства, і начальства пачне лагодна ставіцца да яго. Праяўляецца нейкая двухасабовасьць”.

Ніна Жук мае рэдкі для вясковай мясцовасьці занятак. Яна хатняя гаспадыня. Не беспрацоўная, а менавіта хатняя гаспадыня. Сужэнец займаецца міжнароднымі транспартнымі перавозкамі. Яна ж можа дазволіць сабе толькі гадаваць дзяцей і даглядаць гаспадарку. На парлямэнцкіх выбарах спадарыня Ніна агітавала за прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Таго самага, які летась разам з трыццацю падначаленымі галадаў, пратэстуючы супраць незаконных дзеяньняў падатковай інспэкцыі. За час выбарчай кампаніі Ніна Жук займела імідж апазыцыянэркі. Такое ж рэнамэ і ў Івана Цімафейчыка. Аднак назваць іх калегамі ці хаця б аднадумцамі нельга.

(Карэспандэнт: ) “Былі выбары ў Палату прадстаўнікоў. Як праходзіла кампанія ў Мадзейках?”

(Жук: ) “Тут — як вайна, улада так працавала. Я агітавала за незалежнага кандыдата. Мяне ніхто не чапаў, бо я нідзе не працую. Але колькі я прасіла знаёмых, яны адмаўляліся літаральна назаўтра. “Мне старшыня сказаў, што пайду з працы”.

(Карэспандэнт: ) “Пра гэтага Цімафейчыка. Як да яго людзі ставяцца?”

(Жук: ) “Ён тут ужо усім надакучыў. Ён чапляецца літаральна да ўсіх, а ня толькі да ўладаў”.

(Карэспандэнт: ) “Тое, якія прэтэнзіі ён прад’яўляе, яны нешта пад сабою маюць?”

(Жук: ) “Можа, і маюць. Але калі ўсе будуць такімі язвамі, да чаго сьвет дойдзе?”

(Карэспандэнт: ) “Але калі чалавек скардзіцца, што ў ягонай кватэры халодна…”

(Жук: ) “Хай пабудуе печку! Натуральна, прасьцей напісаць скаргу. Сядзець і чакаць. Але гэтая актыўнасьць у 70 адсотках залішняя”.

(Карэспандэнт: ) “А астатнія 30%? Ён паляпшае толькі сваё становішча?”

(Жук: ) “Ён зьвяртаўся выключна каб палепшыць сваё становішча. Ён кажа, што для ўсіх стараецца, але як толькі яму зробяць, ён далей ня рухаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы мяркуеце, чалавек, які турбуе мясцовыя ўлады, вёсцы патрэбны? Альбо лепей, каб людзі самастойна змагаліся з тымі праблемамі, якія мусяць вырашаць райвыканкам і сельсавет?”

(Жук: ) “Хай сабе вырашае. Але з суседзямі сварыцца ня варта”.

Я знаходжуся на самым ускрайку Мадзеек, за мэханічным дваром тутэйшай калектыўнай гаспадаркі. Тут на пагорку стаяць рэшткі панскай сядзібы. Маёнтак некалі належаў Канстанціну Вітарфу. Ад маёнтку захаваліся толькі рэшткі некалькіх збудаваньняў — абшарпаныя сьцены і дзіравы дах. Ён не прыдатны для жытла. Ні людзі, ні гаспадарка не выкарыстоўваюць яго ніякім чынам. Разважаючы пра пэрспэктыву Мадзеек, Іван Цімафейчык праводзіць паралель з гэтым маёнткам. Ён з сумам канстатуе, што празь некалькі год вёску можа напаткаць такі ж лёс.

Была школа сярэдняя, а стала базавай дзевяцігодкай. Была вясковая лазьня — засталіся сьцены і дах. Сужэнец Ванды Мазец некалі ладзіў парыльні. Дый сам будынак лазьні знаходзіцца за некалькі мэтраў ад ейнай хаты.

(Мазец: ) “Вось стаіць гэтая лазьня. Некалі працавала, а цяпер — не. Там ўжо ўсё парасьцягвалі. Але хутка маюцца аднавіць. Ужо туды ваду праводзяць. А калі яны яе пабудуюць, халера іх ведае! Абяцаюць зрабіць, але абяцанага тры гады чакаюць. У нас тут ёсьць такі Цімафейчык. Ён увесь час на гэты конт пісаў. Наш калгас далучылі да іншага. І новы старшыня абяцаўся пабудаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Гляджу, вёска вашая — каталіцкая. У вас тут касьцёл ёсьць?”

(Мазец: ) “Дзесяць кілямэтраў ад нас. І туды ніякі транспарт ня ходзіць!”

(Карэспандэнт: ) “Як такое, ксёндз часта прыяжджае?”

(Мазец: ) “Да нас ён прыяжджае раз на месяц. Мы езьдзілі ў Белы дом і прасілі, каб нам выдзелілі клюб”.

(Карэспандэнт: ) “Чакайце! У які Белы дом?”

(Мазец: ) “У Зэльву, у тамтэйшы Белы дом”.

(Карэспандэнт: ) “А я ўжо падумаў пра той, што ў Амэрыцы”.

(Мазец: ) “Не. Мы наш райвыканкам Белым домам называем. Выдзелілі нам вялікі клюб. І людзей шмат прыходзіла, але пасьля забаранілі і больш нам гэтага клюбу не даюць. У тым жа будынку бібліятэка месьціцца. Сказалі, што нельга, каб разам было”.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў яшчэ распытацца пра гэтага Цімафейчыка”.

(Мазец: ) “О-о-о! Ён любіць пагаварыць”.

(Карэспандэнт: ) “Апроч таго, што размаўляе, ён нешта робіць?”

(Мазец: ) “Гэта ён пісаў кругом і дамагаўся, каб лазьню аднавілі”.

(Карэспандэнт: ) “Мне казалі, што ён тут райвыканкаму спакою не дае”.

(Мазец: ) “Так, ён да ўсіх прыдзіраецца. Гэткі ён чалавек. Але калі паўзірацца на яго, ён ня злы. Бальшыня зь ім у добрых стасунках. Ну, такі ён чалавек. Ну, што тут можна зрабіць?”

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі! Як вас завуць?”

(Мазец: ) “Ванда”.

(Карэспандэнт: ) “О, як прыгожа! Ведаеце, як Ванда перакладаецца на беларускую мову? У ангельскай мове Ванда — гэта цуд”!

(Мазец: ) “А Божа ты мой!”

Настаўніцкія дамы, школа, бібліятэка, вузел сувязі — усё гэта знаходзіцца на пачатку Мадзеек. Тут жа некалькі сучасных катэджаў. Калі крочыць далей па вёсцы, можна пабачыць абсалютна іншую карціну. Пачынаюцца звычайныя вясковыя хаты. Паводле іхнага вонкавага выгляду можна меркаваць пра дбайнасьць гаспадароў. Заўважна, што ў вёсцы шмат пустых хатаў. Сям-там ля такіх збудаваньняў адсутнічае нават плот. Гэтым карыстаюцца мясцовыя каровы. Калі яны ідуць з пашы, то любяць завітаць у закінутыя сады, каб паласавацца яблыкамі ды пустазелам.

Першымі насустрач мне пранесьліся каровы. А наўздагон ім — гаспадыні. У руках дручкі, з вуснаў — праклён быдлу, а на тварах такі выраз, што лепей было б не адрываць іх ад пагоні. Рызыкнуў і спыніў адну з спадарыняў.

(Карэспандэнт: ) “Вашая карова таксама зьбегла?”

(Спадарыня: ) “Так. Пайду зараз па садах шукаць. А гэта вы сёньня пасьвіце?!”

(Карэспандэнт: ) “Не я каровы не пасьвю. Я тут у камандзіроўцы знаходжуся. У нас праграма пра тое, як людзі ў вёсках жывуць. Як жыцьцё ў Мадзейках?”

(Спадарыня: ) “Вы паглядзіце навокал, якое ў нас жыцьцё! Дзе гаспадара няма, там і плот валіцца. Вы ведаеце, што бабы ёсьць бабы, яны плот не паставяць. А сельсавет гэтым не займаецца — як хочаце, так і жывіце! Цяпер на нас ніхто ўвагі не зьвяртае”.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта каровы па Мадзейках бегаюць?”

(Спадарыня: ) “Гэта пастух такі. Мы напачатку пятай прыганяем, а ён а трэцяй іх пусьціў. Можа, ён ужо напіўся”.

(Карэспандэнт: ) “Як жа ён можа напіцца, калі ў яго столькі кароваў?! Ён жа іх глядзець мусіць”.

(Спадарыня: ) “А якая яму розьніцца?! Ён, можа, дзе ўжо адпачывае”.

(Карэспандэнт: ) “Замерзнуць жа можна: на вуліцы мінус 2!”

(Спадарыня: ) “Такіх і чорт не бярэ. Яны не замерзнуць”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць у вас тут такі Цімафейчык, былы настаўнік...”

(Спадарыня: ) “Ён увесь час нешта піша. Як бачыць, што ад састарэлых нечага лішняга патрабуюць, пачынае пісаць некуды”.

(Карэспандэнт: ) “А з гэтага нешта атрымліваецца?”

(Спадарыня: ) “Дапамагаюць. Начальства не адмаўляе. Добра, што ён піша — яго і баяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Толькі аднаго не магу зразумець: чаму толькі ён адзін абураецца, чаму б усім так не пісаць?”

(Спадарыня: ) “Ён пісьменны чалавек. Ён ведае, куды і што пісаць. Рэдка такіх аматараў можна знайсьці. Ён сваёй справай займаецца! Мусіць, прафэсія ў яго такая”.

Да Івана Цімафейчыка ў Мадзейках ставяцца па-рознаму. Але, адкінуўшы прыватныя сымпатыі і антыпатыі, шмат хто прызнае: каб абараняць свае правы, першым чынам трэба быць чалавекам сьмелым і настойлівым. Запытайся, хто валодае такімі якасьцямі, першым згадаюць менавіта яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG