Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі ігнаруе рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы


Галіна Абакунчык, Менск Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіраваў у Міжнародную арганізацыю працы заяву пра нежаданьне ўладаў Беларусі выпраўляць становішча з правамі прафсаюзаў. Гэтае пытаньне мусіць стаць адной з тэмаў абмеркаваньня на рэгіянальнай Эўрапейскай канфэрэнцыі МАП, якая пройдзе ў Будапэшце з 14 да 18 лютага.

Міжнародная арганізацыя працы дасьледавала і прызнала факт парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі і прапанавала выправіць становішча. Рэкамэндацыі складаюцца з 12 пунктаў і прысьвечаныя паляпшэньню ўмоваў дзейнасьці прафсаюзаў. Беларускі ўрад паабяцаў іх выканаць, але цягам некалькіх месяцаў ніякіх захадаў у гэтым кірунку ня зроблена. Пра гэта Беларускі кангрэс незалежных прафсаюзаў паведамляе ў МАП, сказаў “Свабодзе” ягоны лідэр Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Па-першае, рэкамэндацыі МАП павінныя былі быць надрукаваныя ў афіцыйных СМІ, але гэтага не адбылося. Па-другое, павінна было быць адноўленае нашае партнэрства ў Нацыянальнай радзе па працоўных і сацыяльных зносінах — таксама ніякіх крокаў у гэтым кірунку не было зроблена. Акрамя таго, шэраг актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху былі звольненыя, ім не прадоўжылі працоўных кантрактаў. У гэтым зьвязку мы былі вымушаныя зьвярнуцца да прэм’ер-міністра, спадара Сідорскага, а таксама ў шэраг міністэрстваў і ведамстваў з пытаньнем, ці намерваюцца яны выконваць рэкамэндацыі МАП? Паўтара месяца мінула, але ніякага адказу мы не атрымалі. Ня ведаю, як падзеі будуць разьвівацца надалей, але пакуль зь вялікім жалем можна канстатаваць, што нічога пазытыўнага ў працэсе выкананьня рэкамэндацыяў МАП ня робіцца”.

Паводле спадара Ярашука, рэгіянальная Эўрапейская канфэрэнцыя МАП, якая мае адбыцца ў лютым, праходзіць адзін раз на чатыры гады і разглядае прафсаюзныя пытаньні толькі эўрапейскага кантынэнту. А таму ў дэлегатаў форуму ёсьць магчымасьць больш падрабязна спыніцца на праблемах парушэньня правоў прафсаюзаў кожнай краіны, у тым ліку і Беларусі.

Рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы ўраду Беларусі грунтуюцца на падставе справаздачы адмысловай камісіі, якая дасьледавала становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Гэта дакумэнт на 200 старонак, у якім гаворыцца пра перашкоды ў справе рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, пра нежаданьне ўладаў наладжваць трохбаковае сацыяльнае партнэрства, пра перасьлед лідэраў і актывістаў незалежнага руху. У выніку ўраду Беларусі і былі выстаўленыя прапановы выправіць становішча. Калі да 1 чэрвеня 2005 году гэта ня будзе зроблена, Міжнародная арганізацыя працы пакідае за сабой права ініцыяваць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG