Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўдачай скончылася спроба ўхваліць гімн саюзнай дзяржавы


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Маскве дэпутаты Парлямэнцкага сходу саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі так і ня здолелі спыніцца на варыянце мэлёдыі гэтага дзяржаўнага ўтварэньня, канстатаваўшы толькі “высокі ўзровень прадстаўленых да разгляду працаў”. Дэпутаты вырашылі стварыць працоўную групу, якой нададзены афіцыйны статус камісіі ў справе вызначэньня гімну. На практыцы гэта азначае, што і надалей, зьбіраючыся на паседжаньні Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі, дэпутаты будуць падпяваць пад гімн СССР.

У журы на лепшы музычны твор, які можа быць абраны ў якасьці гімну так званай саюзнай дзяржавы, шмат гадоў уваходзіць і кампазытар Ігар Лучанок. У ягоным актыве цэлы шэраг патрыятычных твораў беларуска-расейскай тэматыкі. Лучанок кажа: чым больш часу праходзіць, тым складаней вызначыцца сярод такой колькасьці ахвотных увекавечыць сябе на ніве інтэграцыі.

(Лучанок: ) “Там гэтых песень — ня памятаю лічбу, але, здаецца, 430. І ўсе яны пра жаданьне сябраваць расейскага народу і беларускага. Будзе гучаць і мая песьня на вершы Дабранравава “Расея-Беларусь”:

Если ты в моем сердце, Россия, Значит, в сердце моем Беларусь…

Мы з Дабранрававым — ну, гэта муж Пахмутавай — некалькі гадоў над ёй працавалі. Гэта ж творчасьць: палітыкі зьмяняюцца, а вось Куранты застаюцца”.

Зрэшты, адказныя за выбар гімну не мяняюцца — гэта расейскія выканаўцы Іосіф Кабзон, Мікалай Баскаў, рэжысэр Мікіта Міхалкоў, згаданы ўжо Ігар Лучанок. Але аднадушнасьці наконт мэтазгоднасьці гімну ўвогуле не існуе нават сярод іх. Так, дарадца дэпутата Іосіфа Кабзона ў Дзяржаўнай думе Расеі, кампазытар Эдуард Ханок лічыць, што размовы пра саюзную дзяржаву — дэмагогія.

(Ханок: ) “Саюзны гімн — гэта справа абсалютна бэспэрспэктыўная і нікому не патрэбная. Як і ўвесь саюз. Як вы ведаеце, цяпер Беларусь робіць стаўку на адыход ад саюзу. Таму, скажыце, каму патрэбен гімн няіснай рэспублікі? Я гэта называю местачковымі правінцыйнымі амбіцыямі. Лучанку, можа, гэта і патрэбна, але Лучанок у гэтым сэнсе нічога не вызначае. У такіх вялікіх справах усё вызначае Расея, а не Беларусь”.

У прэсавай службе Парлямэнцкага сходу Расеі і Беларусі кажуць, што пра нейкія варыянты гімну саюзнай дзяржавы можна будзе гаварыць на пачатку красавіка, калі адзначаецца дзень яднаньня народаў Расеі і Беларусі. Зрэшты, штосьці падобнае абяцаецца цягам ужо некалькіх апошніх гадоў.
XS
SM
MD
LG