Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрымальнікі распачалі падрыхтоўку да агульнабеларускага страйку 10 лютага


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Прадпрымальнікі зьбіраюцца пратэставаць супраць спагнаньня падатку на даданую вартасьць на тавары, прывезеныя з Расеі.

Сёньня ў розных рэгіёнах краіны прайшлі прадпрымальніцкія сходы. На іх абмяркоўвалася сытуацыя, выкліканая абкладаньнем расейскіх тавараў падаткам на даданую вартасьць. На сходзе ў Салігорску гандляры мясцовага рынку, як паведаміў іхны лідэр Аляксандар Цэцура, выказалі абурэньне з нагоды гэтага новаўвядзеньня:

(Цэцура: ) “Аб’яўлена перадстрайкавае становішча. Таму што тавар з увядзеньнем падатку на даданую вартасьць вырасьце ў цане больш як на 20%. Праблема яшчэ і ў тым, што ад прадпрымальнікаў ужо патрабуюць таварна-транспартныя накладныя, якія пазначыны падатковай інспэкцыяй Расейскай Фэдэрацыі. Але ж на расейскіх рынках, дзе набываецца тавар, ніхто не выдае ніякіх дакумэнтаў. Таму 10 лютага плянуем правесьці аднадзённы страйк”.

Спадар Цэцура паведаміў таксама, што ў Салігорску сытуацыю абвастраюць масавыя праверкі гандляроў. Таму вырашана падаюць заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне прадпрымальніцкага мітынгу. Перадстрайкавае становішча аб’яўлена і прадпрымальнікамі Барысава. Гаворыць іх лідэр Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Цяжкае становішча. Людзі вельмі не задаволены гэтым падаткам. 10 лютага мы абвяшчаем аднадзённы страйк. У падатковай інспэкцыі кажуць, што паступіла каманда спаганяць з вас гэтыя 18%. Інспэктары настойваюць на інвэнтарызацыі тавару і заяўляюць, што ўсё, што будзе потым выяўлена, будзе абкладацца 18-працэнтным падаткам. Калі ня будзе прадастаўлена дакумэнтацыя, то будзе канфіскацыя”.

Паводле Гарбачова, звароты прадпрымальнікаў да барысаўскіх уладаў ня мелі выніку. Як вынікае зь іх тлумачэньняў, скасаваньне падатковага новаўвядзеньня для прадпрымальнікаў — у кампэтэнцыі менскіх чыноўнікаў. У Менску, аднак, з вырашэньнем гэтай праблемы таксама не сьпяшаюцца. Гаворыць намесьнік кіраўніка дэпартамэнту ў пытаньнях прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Яўген Сямёнаў:

(Сямёнаў: ) “У праектных дакумэнтаў па ўнясеньні дапаўненьняў і зьменаў у дэкрэт №4 пакуль такая норма прысутнічае. У дамоўленасьцях паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі прадугледжана спагнаньне падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня”.

Тым часам грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва” сёньня накіравала звароты ў органы дзяржаўнай улады пра неабходнасьць перамоваў з прадпрымальнікамі. Як паведаміў лідэр гэтай прадпрымальніцкай арганізацыі Анатоль Шумчанка, у выпадку ігнараваньня гэтых зваротаў дробныя бізнэсоўцы не абмяжуюцца страйкам 10 лютага. Паводле ягоных словаў, яны распачнуць доўгатэрміновае змаганьне за свае правы.
XS
SM
MD
LG