Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэрміналягічныя слоўнікі


Іна Студзінская, Менск Чым вышэйшы культурны ўзровень нацыі, тым больш высокую цану яна гатовая плаціць за права разьвіцьця навукі на роднай мове. Ці можна казаць, што ў Беларусі створана нацыянальная тэрміналёгія, ці дастаткова тэрміналягічных слоўнікаў з розных галінаў ведаў – пра гэта другая перадача ў цыклі “Беларускія слоўнікі”.

Вялікі беларускі асьветнік, філёзаф эпохі Адраджэньня Сымон Будны яшчэ ў 1583 годзе пісаў: “Як жа мы зразумеем зьяву, калі ня будзем разумець значэньня тэрмінаў, бо ўсякая рэч абазначаецца словамі”. Гісторыя сучаснай айчыннай тэрміналёгіі вядзе свой адлік з часу кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы – працэсу, у якім вызначальную ролю адыграла вядомая “Граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. З 1918 году, калі Тарашкевічаву граматыку выдалі ў Вільні, у разьвіцьці беларускай сыстэмы тэрмінаў былі і ўсплёскі, і заняпады. Расказвае складальнік даведніка “Беларускія тэрміналягічныя слоўнікі” доктар філялягічных навук Генадзь Цыхун:

(Цыхун: ) “Фактычна за пэрыяд з 1918 па 1998 год мы ўлічылі 263 выданьні. Гэта і расейска-беларускія слоўнікі, і замежныя. І аказалася, што ня ўсё так дрэнна, як здаецца. Калі ўзяць пад увагу індэкс спэцыяльнасьцяў, па якіх у нас ёсьць распрацоўкі, бачым тут і агульную біялёгію, дэфэкталёгію, міжнародныя валютна-фінансавыя адносіны, картаграфію. Па цэлым шэрагу галін ёсьць напрацоўкі”.

З прафэсарам Генадзем Цыхуном цалкам салідарны і Язэп Стапановіч, доктар біялягічных навук, старшыня тэрміналягічнай камісіі Таварыства беларускай мовы:

(Стапановіч: ) “Сапраўды, няма праблемы зь беларускай тэрміналёгіяй і слоўнікамі. Наяўныя слоўнікі прэзэнтуюць усе галіны навукі. Слоўнікаў дастаткова, і для ўсіх катэгорыяў, у тым ліку й для чыноўнікаў. Праблема пэрсанальна ў кожным, у жаданьні знайсьці гэтыя слоўнікі і карыстацца імі. Гэта адгаворка, што не хапае тэрміналягічных слоўнікаў”.

Яны вельмі актыўна распрацоўваліся цягам трох пэрыядаў: у 1920-я гады, у 1960-я і, нарэшце, пры канцы 1980-х – на пачатку 1990-х. Гаворыць доктар біялягічных навук Язэп Стапановіч:

(Стапановіч: ) “Вельмі актыўную працу пачала тэрміналягічная камісія пры ТБМ. Працавалі ў тандэме з шэрагам дзяржаўных структур – Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам інфармацыі, якімі кіравалі тады людзі, што ўсьведамлялі сваё становішча і значэньне нацыянальнай адукацыі для Беларусі – Бутэвіч, Гайсёнак, Стражаў. За кароткі пэрыяд – няпоўныя 7 – 8 гадоў – выйшла больш за 200 слоўнікавых выданьняў (гэта складае больш як палову ўсёй беларускай тэрмінаграфіі ХХ стагодзьдзя)”.

Апавядае Станіслаў Суднік, адзін з укладальнікаў беларускага вайсковага слоўніка:

(Суднік: ) “Гэта была неабходнасьць: стваралася беларуская дзяржава, стваралася беларускае войска. Мы рабілі слоўнік, зыходзячы з сваіх пазыцыяў. Міністэрства абароны таксама стварала аналягічны слоўнік паралельна (мы маем сёньня два вайсковыя слоўнікі). Мы рухаліся да беларускіх статутаў і да пераводу войска на беларускую мову. Тое, што гэта затармазілася, гэта часова. Гэта ж пытаньне ня зьнятае! Усё адно беларускае войска пяройдзе на родную мову, патрэбныя будуць тыя статуты, і прыдадуцца абодва нашы слоўнікі”.

На думку Станіслава Судніка, беларускую мову лягчэй за ўсё ўвесьці менавіта ў войску – армія падпарадкоўваецца загадам, беларускія афіцэры – людзі адукаваныя. Будзе загад – і будуць запатрабаваныя абодва вайсковыя слоўнікі.

Аднак у апошнія гады выпуск тэрміналягічных даведнікаў значна скараціўся – безумоўна, гэта вынік зьмены статусу беларускай мовы. У цяперашняй сытуацыі слоўнікі спэцыяльнай беларускай лексыкі часта не запатрабаваныя. Пры гэтым чыноўнікі, якія размаўляюць і вядуць справаводзтва па-расейску, часам тлумачаць свой моўны выбар адсутнасьцю беларускай тэрміналёгіі. Яскравы прыклад прывёў лінгвіст Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) “Афіцыйныя структуры на ўзроўні Савету Міністраў на пачатку 1990-х замовілі вялікую працу Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту: падрыхтаваць электронны расейска-беларускі перакладнік, каб весьці дакумэнтацыю па-беларуску. Гэтая праца ў агульных рысах скончаная, зь яе вынікамі я знаёміўся гады 2 таму. І рэальна гэты перакладнік працаваў. Аднак – парадаксальная сытуацыя – наша дзяржава перастала цікавіцца беларускай мовай як такой, задача зьнятая. Але БДУ сваю працу зрабіў, і гэтая праграма застаецца незапатрабаванай”.

Распрацоўнікі ня могуць перадаць сваёй працы ў агульнае карыстаньне, бо яна належыць замоўцу – ураду, які перастаў цікавіцца раней замоўленым. Хоць усё рабілася за дзяржаўныя грошы, то бок на сродкі падаткаплатнікаў... Але энтузіясты працягваюць працаваць над слоўнікамі і даведнікамі, сьцьвярджае старшыня тэрміналягічнай камісіі ТБМ Язэп Стапановіч:

(Стапановіч: ) “Мы ўсьведамляем: нашчадкі не даруюць, калі мы будзем цяпер проста ў плыні гэтай не нацыянальнай каньюнктуры жыць. Найбольш дзейсна працуюць не філёлягі, а матэматыкі, хімікі, біёлягі: выкладчыца Ўнівэрсытэту радыёэлектронікі Людміла Майсеня, Тамара Сухая з Тэхнічнага ўнівэрсытэту, Леанід Сапегін з Гомелю, Алесь Арцішэўскі, прафэсар з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту, прафэсар Ражкоў, загадчык лябараторыі Інстытуту матэматыкі Васіль Берднік”.

Гэта пацьвярджае і доктар Янка Запруднік:

(Запруднік: ) “У гісторыі слоўнікаў самыя выдатныя працы складаліся не філёлягамі, не лексыкографамі, а якраз мэдыкамі ці нейкімі іншымі адмыслоўцамі. Вэбстэр таксама ня быў філёлягам, ён быў мэдык”.

Сярод найбольш поўных і ўдалых выданьняў спэцыялісты называюць “Матэматычную энцыкляпэдыю”, выдадзеную ў 2001 годзе ў выдавецтве “Тэхналёгія”, “Анатамічны слоўнік” пад рэдакцыяй Станіслава Ярашэвіча, “Кароткі слоўнік землеўпарадкаваньня”, падрыхтаванымі бацькам і сынам Дудко. У названых і шэрагу іншых слоўнікаў актуалізаваныя дзясяткі адметных беларускіх лексэмаў. Ілюструе старшыня тэрміналягічнай камісіі ТБМ Язэп Стапановіч:

(Стапановіч: ) “Двайковы ‘дваічны’, двухсклад ‘двухчлен’, каморнік, клямар, крывіня (а не крывізна), мяшанец ‘гібрыд’, прысады, пэўнік ‘аксіёма’, цаля, шматвугловік...”

Не чакаючы лепшага часу, да беларускай тэрмінатворчасьці падключаецца моладзь. Прыкладам, студэнты юрыдычнага факультэту БДУ пачалі нядаўна два інтэрнэт-праекты – “Ангельска-беларускі слоўнік паліталягічных тэрмінаў” і “Слоўнік юрыдычных тэрмінаў”. Паводле прызнаньня Ўладзіслава Белавусава, моладзь адчула практычную патрэбу ў слоўніках, якія далі б значную палёгку ў перакладніцкай рабоце. Тэрмінатворчасьцю студэнты займаюцца на шчырым энтузіязьме – займаюцца, бо вераць, што гэта трэба ўсім нам.
XS
SM
MD
LG