Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарогі ў Люблінскім і Падляскім ваяводзтвах мала праезныя з-за сьнегу і галалёду


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пачатак тыдня – гэта час, калі найбольшая колькасьць беларусаў, што займаюцца гандлем, накіроўваюцца ў суседнюю Польшчу па тавары. Між тым учора ўвечары польская дарожная паліцыя папярэдзіла, што на дарогах каля мяжы зь Беларусьсю вельмі дрэнныя ўмовы, і калі няма пільнай патрэбы, у дарогу лепш не выбірацца.

Учора цягам дня ў Падляскім ваяводзтве было аж 23 аварыі, у якіх пацярпелі людзі. Асабліва цяжкія варункі на дарогах № 58, 61, 63 і 64 каля Ломжы. Паводле інфармацыі на ўчорашні вечар, дарога ад памежнага пераходу ў Баброўніках да Беластоку была адносна добрай, але ўсю ноч падаў сьнег, панізілася тэмпэратура, і таму вельмі верагодна, што там цяпер галалёд.

Што да Люблінскага ваяводзтва – а там знаходзіцца галоўная дарога зь пераходу ў Тэрэспалі да Варшавы – дык у гэтым рэгіёне ехаць можна па ўсіх дарогах, але дарогі вельмі сьлізкія. У некаторых месцах, у тым ліку і блізу мяжы зь Беларусьсю, дадатковай праблемай для кіроўцаў можа быць сьнег, які вецер увесь час прыносіць з палёў. І ў Падляскім, і ў Люблінскім ваяводзтвах у бліжэйшыя гадзіны лепш не карыстацца маленькімі мясцовымі дарогамі.

Нямала беларусаў ў гэтую пару году едзе ў найбольш знакаміты польскі горналыжны курорт – Закапанэ. На трасе да Закапанага пануюць вельмі складаныя варункі. У раёне гораду Новы Тарг зрабіўся корак з грузавікоў, якія ня могуць праехаць праз засьнежаныя ўчасткі дарогі – у выніку, легкавыя аўтамабілі рухаюцца з хуткасьцю 10-20 кілямэтраў на гадзіну.

Дарэчы, калі ў Закапаным беларускія аматары лыжаў – даволі частыя госьці, дык на Беласточчыне – пакуль не: туды, як я даведаўся, езьдзяць пакуль што літоўцы. А ехаць ёсьць куды – за апошнія гады каля Беластоку пабудаваны цэлы шэраг розных аб’ектаў для актыўнага зімовага адпачынку, у тым ліку і штучныя горы з пад’ёмнікамі. Кошты – ніжэйшыя, чым на курортах, дый беларусам бліжэй ехаць – варта спраўдзіць.
XS
SM
MD
LG