Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пражытковы мінімум павышаны на тры даляры


Вячаслаў Кулік, Менск Ад 1 лютага для маламаёмасных й пэнсіянэраў Беларусі падвышаецца бюджэт пражытковага мінімуму. Памер павелічэньня ў сярэднім складзе тры даляры. Гэты сацыяльны нарматыў зацьверджаны урадам Беларусі на першы квартал бягучага года паводле спажывецкіх коштаў сьнежня мінулага года. Адпаведна з новым мінімальным бюджэтам мусяць быць перагледжаныя сацыяльныя пэнсіі й грашовыя дапамогі маламаёмасным.

Новы бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі адрозьніваецца ад папярэдняга ў бок падвышэньня на 7 тысячаў 290 рублёў, альбо на 3 даляры i З цэнты ў эквіваленце. Цяпер, паводле пастановы Саўміна, працаздольнаму, але маламаёмаснаму беларусу дастаткова атрымліваць у месяц 147 тысяч 780 рублёў, каб набыць за гэтыя грошы харчы, апрануцца, аплаціць за ваду й цяпло ў кватэры, праезд на транспарце. Пражытковы бюджэт студэнтаў і пэнсіянэраў – яшчэ меншы.

Як мяркуе аналітык Аляксандр Сасноў, для маламаёмасных у Беларусі вызначана новая рыса іхнай беднасьці.

(Сасноў: ) “Гэты бюджэт мінімуму выкарыстоўваецца пры вызначэньні пэнсіяў, розных дапамогаў і гэтак далей. На яго жыць немагчыма. Толькі на ўзроўні фізіялягічнага выжываньня”.

Аляксандр Сасноў, як былы міністар працы, наракае на недасканаласьць цяперашняга статыстычнага напаўненьня мінімальнага пражытковага бюджэту ў Беларусі.

(Сасноў: ) “Мэтодыка існуе ва ўсіх краінах. Іншая справа, зь якіх дадзеных гэта робіцца? Міністэрства статыстыкі Беларусі вядзе падлікі паводле тавараў і паслугаў, што насельніцтва спажывала ў той месяц, за які робіцца падлік. А якія кошты міністэрства ўлічвае? А хто ведае? Гэта ніколі не абмяркоўваецца”.

Паводле ўласнага досьведу прафэсара Станіслава Багданкевіча, у новым бюджэце пражытковага мінімуму ня ўлічаны, напрыклад, сэзонны рост коштаў на камунальныя паслугі.

(Багданкевіч: ) “Мне трэба плаціць толькі за камунальныя паслугі больш як 100 тысячаў рублёў. Не хапае гэтага мінімуму, каб заплаціць. Таму гэтыя невялікія падвышэньні ў многім зьяўляюцца фікцыяй. Ніяк ня сьведчаць, што дабрабыт людзей паляпшаецца”.

Меркаваньне прафэсара, што так званая “дзяжурная” карэкціроўка бюджэту пражытковага мінімуму застанецца незаўважанай для насельніцтва, падзяляюць й шараговыя мінакі на вуліцах Менска.

(Спадар: ) “135 тысяч рублёў – гэта вельмі мала, бо такая сума зыходзіць у мяне зь рук за 3-4 дні”.

(Спадарыня: ) “Калі вельмі напружыцца, то, магчыма, можна пражыць. Але гэта мала, вельмі мала”.

У Беларусі цяпер штоквартальна ўрад рэглямэнтуе мінімальны спажывецкі бюджэт і бюджэт пражытковага мінімуму. Пра іхную ролю ў сацыяльным жыцьці краіны гаворыць прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

(Жаліба: ) “Першы бюджэт можна трактаваць як бюджэт, які дазваляе сям’і неяк зьвесьці канцы зь канцамі. А вось бюджэт пражытковага мінімуму – гэта тыя заробкі сям’і, каб ёй не памерці, фізычна выжыць”.
XS
SM
MD
LG