Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе экспэртнае спраўджаньне сваяцтва ў Беларусі?


Іна Студзінская, Менск Каля 200 генных экспэртызаў па спраўджаньні біялягічнага сваяцтва праведзена летась Дзяржаўнай службай судовых мэдычных экспэртызаў.Ці лёгка ў наш час вызначыць біялягічнае сваяцтва? Як можна дакладна вызначыць, хто зьяўляецца бацькамі ці сваякамі дзіцяці? Колькі каштуе складаны геннатыпаскапічны аналіз і навошта ён патрэбны?

У якіх выпадках праводзіцца складаная і нятанная экспэртыза? Артыкул 53 Кодэксу аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь трактуе так: “Бацькоўства можа быць вызначана ў судовым парадку па заяве аднаго з бацькоў (альбо апекуна), а таксама самога дзіцяці па дасягненьні ім паўналецьця”.

Працэдура вызначэньня бацькоўства даволі складаная. Спачатку суд прымае да ўвагі самыя розныя акалічнасьці: сумеснае пражываньне бацькоў (нават калі яны ня ў шлюбе), вядзеньне сумеснай гаспадаркі да нараджэньня дзіцяці, удзел у выхаваньні дзіцяці, сьведчаньні сваякоў, суседзяў, іншыя доказы.

У скрайніх выпадках, калі мужчына адмаўляе сябе прызнаць бацькам дзіцяці, суд прызначае геннатыпаскапічную экспэртызу. Паводле загадчыка аддзяленьня Дзяржаўнай службы судовых мэдычных экспэртызаў Сяргея Бараўко, значную колькасьць геннатыпаскапічных экспэртызаў па вызначэньні біялягічнага сваяцтва ініцыяваныя жанчынамі. І зьвязана гэта часьцяком выключна з маёмаснымі пытаньнямі – каб, да прыкладу, атрымліваць алімэнты на дзіця.

Але зрэдку бывае, калі экспэртызы патрабуе мужчына, які знаходзіцца ў шлюбе, і ў яго ўзьнікаюць сумненьні, што жонка, выбачайце, не “нагуляла”. Але ў большасьці выпадкаў, як тлумачыць загадчык аддзяленьня геннатыпаскапічных экспэртызаў Дзяржаўнай службы судовых мэдычных экспэртыз Сяргей Бараўко:

(Бараўко: ) “Экспэртыза па вызначэньні бацькоўства робіцца па рашэньні суду альбо па ўзаемным пагадненьні грамадзянаў. Абавязковы ўдзел усіх бакоў: маці, дзіцяці, мяркуемага бацькі. Робіцца гэта наступным чынам: людзі зьвяртаюцца з заявай, дасылаюць да нас, мы праз пэўны тэрмін – 2-4 месяцы – запрашаем іх на экспэртызу, калі іхняя заява будзе прынятая (калі няма ніякіх абставінаў, па якіх мы такую экспэртызу праводзіць ня будзем)”.

Ёсьць тут адна вельмі важная акалічнасьць: справа гэта канфідэнцыйная, робіцца яна толькі па рашэньні суду, калі ўзьнікаюць спрэчныя выпадкі, прызначаюць экспэртызу.

(Бараўко: ) “Мы ім дасылаем выклік, яны прыходзяць, мы зь імі заключаем дамову, яны аплочваюць экспэртызу ў беларускіх рублях (317 тысяч), рэгіструем пашпартныя дадзеныя, і атрымоўваем узоры – аналізы крыві з пальца, і цягам месяцу робім экспэртызу”.

Беларускія спэцыялісты вызначаюць верагоднасьць бацькоўства на 99, 99%, а вось выключэньне бацькоўства – на 100%. Але вядома, што аналіз гэты ва ўсім сьвеце даволі дарагі. У Беларусі кошт экспэртызы для сям’і з трох чалавек складае 317 тысяч беларускіх рублёў (прыкладна 150 даляраў ЗША). Але, як сьцьвярджае Сяргей Бараўко, у Нямеччыне гэты кошт значна большы:

(Бараўко: ) “Для параўнаньня: больш у некалькі разоў. Я ведаю толькі інфармацыю, якую мне гаварылі: ня менш за 1 тысячу эўра”.

У Расеі аналіз бацькі каштуе мінімум 320 эўра, плюс 150 – аналіз дзіцяці, але вось аналіз маці робіцца бясплатна. Ёсьць яшчэ больш дарагія тэсты, калі трэба вызначыць ступень сваяцтва паміж чалавекам і меркаванымі бабуляй, дзядулям, дзядзькам, цёткай, пляменьнікам. У Расеі гэтыя аналізы каштуюць больш за 1 тысячу эўра. У Беларусі такія складаныя аналізы таксама адмыслоўцы могуць зрабіць, але попыт на іх даволі рэдкі.

Упершыню ў Беларусі вызначэньне біялягічнага сваяцтва на ўзроўні ДНК пачалі праводзіць 10 гадоў таму. За гэты час беларускія жанчыны заяўлялі свае “генныя прэтэнзіі” ня толькі да сваіх суайчыньнікаў, але й да грамадзянаў ЗША, Ізраіля, Нямеччыны, Францыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG