Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе гучаць на паседжаньнях Парлямэнцкага сходу гімн Саюзнай дзяржавы замест гімну СССР?


Галіна Жарко, Менск 1 лютага дэпутаты Парлямэнцкага сходу Саюза Беларусі й Расеі падчас паседжаньня камісіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры й гуманітарных пытаньнях у Маскве будуць абмяркоўваць гімн Саюзнай дзяржавы. Цяпер, пакуль гімна Саюзнай дзяржавы няма, напачатку паседжаньняў Парлямэнцкага сходу выкарыстоўваецца музыка гімна СССР.

Паводле вядомага перакладчыка твораў Гётэ, Рыльке, Зюскінда, Ніцшэ Васіля Сёмухі мэлёдыя любога гімну павінна быць прынятая народам. Ён успамінае, што перад тым, як быў прыняты гімн Алоўнікава на словы Клімковіча “Мы беларусы з братняю Русьсю…”, песьня гучала 2 гады па беларускім радыё. Словы ў людзей на той час таксама не выклікалі аніякага абурэньня. Што тычыцца намеру дэпутатаў заняцца абмеркаваньнем гімна саюзнае дзяржавы, дык вось якую рэакцыю выклікала гэта ў Васіля Сёмухі:

(Сёмуха: ) “Ах, каб яны прапалі! Няма ім чым болей заняцца. Мне б не хацелася на гэты конт гаварыць, бо я б не хацеў, каб была такая дзяржава. Існуюць пэўныя гімнічныя формы, якіх варта прытрымлівацца. Такая форма была і ў старога савецкага гімна, і ў сучаснага беларускага. У Расеі 19 ст. гімн “Божа цара храні” вельмі адпавядаў тагачаснай Расеі”.

А як ставяцца да стварэньня новага гімна музыказнаўцы? Дацэнт беларускай Акадэміі музыкі, дачка вядомага беларускага кампазытара Мікалая Аладава, музыказнаўца Радаслава Аладава некалі прымала ўдзел у камісіі па стварэньні беларускага дзяржаўнага гімна. Яна ўспамінае, што першапачаткова чальцы камісіі прагаласавалі за гімн на верш Янкі Купалы і музыку Багатырова “Маладая Беларусь”. Быў складзены адпаведны пратакол, які потым загінуў, як быццам бы яго ніколі не існавала. Справа скончылася тым, што на музыку Сакалоўскага проста напісалі новыя словы. Да гімна саюзнае дзяржавы спадарыня Радаслава ставіцца скептычна.

(Аладава: ) “Я ўжо аднойчы прымала ўдзел у такім мерапрыемстве і зразумела, што гэта абсалютна марны занятак – выбары гімна з таго, што будзе потым прадстаўлена”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце гэтую справу безнадзейнай?”

(Аладава: ) “Беспэрспэктыўнай у музычным сэнсе і паэтычным. Гэта дастаткова спэцыфічная справа, бо тут павінна быць альбо нацыянальная аснова, альбо дзяржаўная. Але неяк яна павінна знайсьці выражэньне ў музычнай мове. Але гэта не азначае, што кампазытар не напіша… Яны прыдумаюць нешта гучнае і ўрачыстае”.

Сапраўдны гімн можа выкрышталізавацца толькі на працягу часу. А лёс саюзнае дзяржавы надта няпэўны, каб казаць пра нейкія пэрспэктывы.
XS
SM
MD
LG