Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія інтэрнэт-рэсурсы для геяў і лесьбіянак апынуліся ў Беларусі пад забаронай


Галіна Жарко, Менск Правайдэр-манапаліст “Белтэлекам”, які кантралюе зьнешні шлюз, заблякаваў доступ да сайтаў, прысьвечаных “нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі”. Упершыню ў Беларусі правайдэр-манапаліст блякуе сайты на падставе канкрэтнага дакумэнта, а ня сьпісвае ўсё на перагрузкі сеціва, як гэта было падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 і рэфэрэндуму 2004, калі карыстальнікі не мелі магчымасьці трапіць на апазыцыйныя сайты.

Патрапіць на сайты gej.ru, gaily.ru, qguist.ru сапраўды немагчыма. Але, адразу заўважу – толькі для недасьведчанай публікі. Справа ў тым, што ў кастрычніку мінулага году Рэспубліканская камісія па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці вынесла экспэртнае заключэньне ў адносінах менавіта да гэтых расейскіх сайтаў на падставе таго, што там утрымліваецца ненарматыўная лексіка, а таксама ёсьць выявы з прыкметамі парнаграфіі.

Але, на думку карыстальнікаў Інтэрнэта, гэтыя тры сайты – кропля ў моры сапраўднае парнаграфіі, якая засталася абсалютна даступная. Вось што сказаў сыстэмны адміністратар аднаго зь беларускіх парталаў:

(Адміністратар: ) “Я ня думаю, што яно моцна нешта зьмяніла. Таму што такіх сайтаў кшатлту гей.ру вельмі многа, неабмежаваная колькасьць. У іншых дамэнах і ў расейскім нэце іх таксама вельмі многа знаходзіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “І праблемаў у людзей, якія хочуць патрапіць на сайт менавіта такога кшатлту, ня ўзьнікне?”

(Адміністратар: ) “Ня ўзьнікне. Тым больш што яны могуць патрапіць і на гэтыя сайты празь які-небудзь ананімайзэр. Людзі, якія задаліся мэтаю патрапіць менавіта на гэты сайт, яны трапяць. Так ці інакш. Калі ёсьць такая праблема, можна было ўсе сайты пазачыняць. Ня самі сайты, а доступ”.

“Белтэлекам” выконвае патрабаваньне камісіі па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі. Але доступ да сайтаў зачыняўся і раней. “Белтэлекам” тлумачыў тады немагчымасьць для беларускіх карыстальнікаў трапіць на апазыцыйныя сайты перагружанасьцю.

(Адміністратар: ) “Вядома, няпраўда. Бо толькі абраныя сайты, іх было толькі 10-15. І менавіта апазыцыйныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Адміністратары сайтаў гэта бачылі, але нічога не маглі зрабіць”.

(Адміністратар: ) “Тыя, што сядзелі ў Беларусі, нічога не маглі зрабіць. А тыя сайты, што падтрымліваліся звонку, мясьціліся па-за межамі Беларусі, яны аднаўляліся, але беларускі чытач ня мог да іх дастукацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Адміністратары сайтаў не спрабавалі выйсьці на Белтэлекам і запытацца ў чым справа?”

(Адміністратар: ) “Калі тычыцца 1994 году, спрабавалі. І быў адказ, што гэта нейкія тэхнічныя праблемы на Белтэлекаме, і ня больш таго”.
XS
SM
MD
LG