Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкія прадпрымальнікі дамагліся ад уладаў скасаваньня незаконнага падатку


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак На Віцебшчыне здарылася, можна сказаць, неардынарная падзея: улады, ці не ўпершыню за апошні час, вымушаныя былі адмяніць сваё папярэдняе рашэньне, якое тычылася спагнаньня з прадпрымальнікаў мясцовага падатку.

Летась у сакавіку пастановаю Віцебскага абласнога савету, з прадпрымальнікаў Полаччыны, што працуюць на гарадзкіх кірмашах, сталі спаганяць мясцовы падатак на паслугі, які аказваюць рынкі. Памер яго быў вызначаны ў 5 адсоткаў стаўкі гандлёвага месца. Адразу ж пасьля таго Незалежны прафсаюз дробных прадпрымальнікаў Полаччыны ў асобе яго старшыні Валера Шаўчэнкі зьвярнуўся ў аблсавет і аблвыканкам зь пісьмовым пратэстам, у якім даводзілася, што здача ў арэнду гандлёвых месцаў, паводле заканадаўства, ня можа быць аб’ектам абкладаньня падаткам на паслугі. Неўзабаве спадар Шаўчэнка накіраваў падобныя лісты ў адпаведныя міністэрствы.

Прайшло больш як паўгода і вось, нарэшце, атрыманы адказ старшыні абласнога савету Аляксандра Ацясава, у якім канстатуецца, што згаданы падатак спаганяўся неправамерна.

Гаворыць старшыня Незалежнага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Полаччыны Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Можна сказаць, упершыню ўлады вымушаныя былі прызнаць уласную сьвядомую памылку. Даказаць гэта было цяжка, спатрэбілася паўгода. І вось усе дзяржаўныя структуры вымушаныя былі прызнаць слушнасьць нашых аргумэнтаў. Цяпер справа за малым: вярнуць незаконна забраныя грошы”.

Дадамо да словаў спадара Шаўчэнкі, што сума падатку складала ў сярэднім 5-6 тысяч рублёў у месяц. Такім чынам, гаворка ідзе пра вяртаньне мільёнаў рублёў. У такой сытуацыі прафсаюз прадпрымальнікаў прапануе залічыць незаконна спагнаныя сумы на рахунак будучых плацяжоў.

Апрача выплаты мясцовых падаткаў у прадпрымальнікаў маюцца і іншыя нявырашаныя праблемы. Пра тое распавядзе Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Праблем, якія трэба вырашаць, процьма. У апошнім нумары нашага бюлетэню “Народны прадпрымальнік” мы іх збольшага пералічылі. Іх атрымалася 50. І ўсе яны пагражаюць дробным прадпрымальнікам штрафамі, канфіскацыямі, пазбаўленьнем ліцэнзіі ды іншымі падобнымі рэчамі. Як мы зьбіраемся іх вырашаць? Ад 1 лютага пачынаюць страйк прадпрымальнікі Пінску. У іх падтрымку 10 лютага мы, прадпрымальнікі Полаччыны і ўсёй Беларусі, ладзім аднадзённы папераджальны страйк”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG