Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь-ТБ” “даб’е” ад Нямеччыны да Ўралу


Ігар Карней, Менск Ад сёмай гадзіны раніцы 1 лютага праграмай “Добрай раніцы, Беларусь” пачалася трансьляцыя спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”. Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і МЗС, а таксама кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі тлумачаць, чым выкліканая неабходнасьць вяшчаньня на замежныя краіны і каго зацікаўленыя асобы бачаць асноўнымі спажыўцамі сваіх праграмаў. Прынамсі, ужо вядома, што перадачы для новага каналу будзе рыхтаваць асобная рэдакцыя, аднак у бальшыні сваёй – гэта дайджэст праграмаў ужо існуючых тэлевізійных каналаў: “Першага нацыянальнага”, ОНТ, каналаў “Лад”, “Сталічнае тэлебачаньне”, а таксама кінастудыі “Беларусьфільм” і “Беларускага відэацэнтру”.

Адкрыцьцю спадарожнікавага вяшчаньня надаецца надзвычай вялікая ўвага. Яшчэ напярэдадні леташняга рэфэрэндуму, падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Лукашэнка казаў, як важна несьці праўдзівую інфармацыю замежным спажыўцам наўпрост, без паслугаў агенцтваў, якія часта блытаюць рэальныя факты з палітычнай кан’юнктурай. Было акцэнтавана, што, перадусім, памежныя зь Беларусьсю раёны – Браншчына, Смаленшчына, Чарнігаўшчына, дзе стаўленьне да беларускіх рэформаў найбольш “аб’ектыўнае” – патрабуюць прыярытэтнай інфармацыйнай увагі.

У Аляксандра Зімоўскага, генэральнага дырэктара “Сталічнага тэлебачаньня”, якое таксама будзе насычаць спадарожнікавы канал сваімі перадачамі, я пацікавіўся: ці можна разглядаць “Беларусь-ТБ” перадусім як дзяржаўны беларускі рупар на бліжэйшых суседзяў?

(Зімоўскі: ) “Спадарожнікавы сыгналь нашмат шырэйшы за тыя рэгёіны, якія вы зараз назвалі. Да Ўралу ня ведаю, але сярэднюю Расею спадарожнікавым вяшчаньнем “Беларусь ТБ” “пакрывае”. І далей – да Нямеччыны. Іншымі словамі, людзі, якія валодаюць расейскай ці беларускай мовай, цалкам змогуць прымаць яго на свае спадарожнікавыя антэны”.

Ці вядома, што яшчэ будзе паказана гледачам у першы дзень працы спадарожнікавага каналу? Наўрад ці ў гэтым кантэксьце можна ўвогуле казаць пра штосьці арыгінальнае, паколькі, як кажуць тэлевізійшчыкі, галоўнае для іх – рэпрэзэнтаваць краіну. У зьвязку з гэтым будуць паказаныя канцэрты фэстывалю “Славянскі базар”, камэдыя “Белыя Росы”, 1-я сэрыя стужкі “Дзяржаўная мяжа”, забаўляльная праграма “5х5” ды іншыя. Увогуле ж плянуецца, што аб’ёмы вяшчаньня “Беларусь-ТБ” будуць складаць дзесьці 16 гадзінаў на суткі. З усімі зацікаўленымі краінамі Міністэрства замежных справаў падпісала адпаведныя дамоўленасьці.

Апошнім часам мерапрыемствы, ухваленыя на вышэйшым узроўні, адбываюцца пампэзна, з удзелам кіраўніцтва краіны. Ці заплянаваныя сёньня нейкія імпрэзы з нагоды адкрыцьця каналу “Беларусь-ТБ”?

Пэўна, такая нагода мае на ўвазе, перадусім, нефармальную частку… А што да афіцыйнай прэзэнтацыі, то яе падзеляць на некалькі часткаў. Сёньня адбудзецца цырымонія ўзьняцьця дзяржаўнага сьцяга ля будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка. Прыезд Аляксандра Лукашэнкі не анансаваўся, але за працэдурай будуць назіраць высокія чыны з прэзыдэнцкай адміністрацыі, Савету міністраў, шэрагу дзяржаўных ведамстваў, а таксама рэдактары афіцыйных СМІ.

Апроч таго, плянуецца прэзэнтаваць тэлеканал у Расеі, Украіне і Польшчы. Пра больш аддаленыя тэрыторыі не паведамляецца. Праўда, аптымізм кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі на вялікую глядацкую аўдыторыю падзяляюць далёка ня ўсе. Былы кіраўнік тэлебачаньня Генадзь Бураўкін кажа, што з такім узроўнем на “міжнародную арэну” выходзіць папросту рана.

(Бураўкін: ) “Самая вялікая бяда і самая вялікая трагедыя нашага тэлебачаньня ў тым, што ўсё больш і больш зьніжаецца творчы і прафэсійны яго ўзровень. Ідэалягічную лінію задае не калектыў тэлевізіі (што ўжо даўно зразумела), і робіцца гэта настолькі няўмела, настолькі бездапаможна, што мне хацелася б, каб тыя, хто кіруе тэлебачаньнем, зразумелі: для краіны, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, такое тэлебачаньне мець сорамна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG